epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бярозы жоўты медальён

Мой мілы дом, мой родны кут,

Садок, гарод, квяцісты ліпень!

О, як даўно не быў я тут,

Амаль што вечнасць — цэлы тыдзень.

 

Сваю адметнасць час нясе,

І нельга не заўважыць гэта.

Як значна зрушыліся ўсе

Да блізкай фінішнасці лета.

 

Дарос да хрусту агурок

Вішняк гарыць чырвонабока.

І яблыкі ўзяліся ў сок,

Не спяць — да Спасу недалёка.

 

Запасяць далі спакваля

Сум у зялёныя далоні.

Спакойней дыхае зямля

І неба робіцца бяздонней.

 

І хоць жыццё кіпіць вакол,

Пульсуе ў покрыве зялёным,

Ды ўпаў бярозе на прыпол

Лісточак жоўтым медальёнам.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.