epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бяссонніца

Ноч — мой прысуд,

пара пакутная,

Зноў вочы ў вочы —

я — яна.

Нібы бадзяжніца прыблудная,

Нібы варожасць супраць сна.

 

То плач, то смех

ў салісты просіцца.

Адно другому —

наперакор.

Душы аркестр —

рознагалосіца.

Бездапаможны я дырыжор.

 

То мараў енк,

спавіты скрухаю,

То адпяванне надзей-хімер.

Я з ночы ў ноч такое слухаю,

Гляджу ў бяссонніцы ашчэр.

 

Відаць, душа ўжо

не загоіцца,

Не нажывешся наўздагон.

Мне ні заснуць,

ні супакоіцца,

Пакуль не прыдзе

вечны сон.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.