epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бяздомнікі

Бяздомнікі — мой боль, «жывыя цацкі»,

Абрыдлыя гаспадарам сябры.

Ваш новы лёс, бязлітасны, нянацкі,

Вас выштурхнуў на жорсткія двары.

 

І ні прытулку, ні былое ласкі,

І голад, голад — можна рот зашыць.

І людзі, людзі — твары, нібы маскі,

І бездагляднасць, хоць людзей кішыць.

 

Не, не дадуць ні крошкі вам «крутыя»,

Чый карак тлусты рве кушуляў «ГОСТ».

Падкормліваюць вас, чым могуць тыя,

Каго штодня чакае дома пост.

 

Туляюцца між намі небаракі,

Па шчырасці важней за нас яны.

Бяздомнікі, мой боль — каты, сабакі,

Вы кожны — вінаваты без віны.

 

Я шмат паразумнеў, як стаў сталейшы,

Дый кожны разумнее праз гады...

Каб бедных не падтрымліваў бяднейшы,

Хто б на багатых працаваў тады?


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.