epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бязгрэшная душа

Прысеў на аблачыну Бог,

На свой лунаючы парог

І горкай думкай агарнуўся:

«Няўжо я памыліцца мог,

Стварыў не тое, прамахнуўся?

О-о! І ў мяне нялёгкі хлеб...»

І сумна лысіну паскрэб.

 

*

Што ж так расчаравала Бога?

Не есць, не п’е — шкада старога.

Схуднеў, зжаўцеў пад думкай-ношай,

Як той пенсіянер без грошай,

Як той бядак у маладосці,

Што да крыві грызе пазногці

Ад мары па любімай справе,

Ад непатрэбнасці дзяржаве.

Але вяртаюся да Бога

Ад набалелага зямнога,

Ад нашых заскарузлых путаў

Назад, да Богавых пакутаў.

Калісьці Бог адклаў забавы

І вырашыў: «Пара за справы!

Што за жыццё — то ем, то сплю,

Ствару спачатку я Зямлю,

На ёй — лясы і рэчак стужкі,

На ёй — звяры, кузуркі, птушкі.

Няхай шчырэе свет жывы!»

І, закасаўшы рукавы,

Зрабіў усё, што планаваў,

І зноў прылёг — запанаваў.

Спачатку добра ўсе жылі,

Хапала месца на Зямлі.

Зямля карміла і паіла,

Усіх сагрэла, прытуліла.

Але раптоўна жах падкраўся,

Бо творца-Бог перастараўся —

Узяў, зварганіў чалавека...

Вось тут памылка-недарэка,

Бо на Зямлі прапала згода —

Што ж, ёсць казёл — няма гарода.

Ну, а далей чаму дзівіцца?

Жывое прагне распладзіцца —

І столькі стала чалавекаў,

Што Бог жахнуўся, закумекаў:

«Я тут жыву сабе высока,

А там за кожным трэба вока,

Іх столькі ўжо, што не злічу,

Ці ж я за кожным усачу?..»

Адна бяда другую водзіць —

І сталі людзі грахаводзіць.

Ад прахіндзейства і маны

Забыліся — адкуль яны...

За пакаленнем пакаленне

Расло без мэты, без сумлення,

Не стала веры — анічога,

І адвярнуліся ад Бога.

Каб неяк душы ратаваць,

Задумаў Бог пабудаваць

Такі куток на месцы новым,

Дзе можна жыць на ўсім гатовым.

Табе пітво тут і яда,

Вакол — анёлаў чарада,

Якія тут замест абслугі,—

Адпачывайце без напругі!

Ні ў чым адмовы тут няма.

І ўсё, да крошкі — задарма.

І гэты кут назваў Бог Раем...

Такое й на Зямлі мы маем.

Той, хто пры ўладзе і багаты,

Даўно абжыў пансіянаты,

Спецсанаторыі і многа

Ўсяго, чаго няма і ў Бога.

Але адсюль, з Зямнога раю,

Вышэй, да Бога, запрашаю.

Ён людзям ладзіў гэту ўцеху,

Каб заахвоціць жыць без грэху,

Каб скарыстаўшы заахвоты,

Зямлю ачысціць ад брыдоты.

І вось нарэшце Рай гатовы!

Бог рады, падбірае словы,

Якімі ён сустрэне першых,

Шчаслівых, без грахоў памершых.

Стаіць, хвалюецца ля брамы —

Хто ён? Які ён, першы самы?!

Але не ўсё ўдаецца з шыкам,

О, каб так смыкам, як языкам!

Бывае, не шанцуе й Богу.

Каго паклікаць на падмогу?

Ён, бедны, рупіўся, стараўся,

А ў Рай ніхто не завітаўся.

Ён думку думае, гаротны:

«Няўжо там кожны бессмяротны?

Няўжо ніхто не памірае? —

Інакш не абмінулі б Рая...»

Зірнуў у Пекла — гразь, балота.

Кіпіць смала, кіпіць работа,

Людзей — як на Зямлі той люднай,

Яшчэ й чарга ля брамы бруднай...

Вось Бог і сеў на аблачыну,

Падпёрся і шукаў прычыну.

 

*

І як не шкадаваць тут Бога?

Ствараў для лепшых душаў Рай,

Стагоддзі йдуць, а ў ім — нікога,

Ані старога, ні малога,

Хоць сам кладзіся, памірай.

Ніхто яго не паратуе...

Сядзіба райская пустуе,

Нікога ля крыніц празрыстых

Ні ў садзе, ні ў пакоях чыстых,

Яда з напоямі псуюцца,

Анёлы над старым смяюцца.

Усхліпнуў Бог цішком, нясмела,

Зірнуў вакол пасалавела.

Ён з аблачыны нахіліўся,

Засоп, прыснуў і ўніз зваліўся.

Прачнуўся на Зямлі, між чаду,

Сярод разгулу і разладу,

Сярод разрухі і раздраю —

О-о, тут тутэйшым, не да Раю.

Хто — крадзе, хто — гарэлку п’е,

Хто на пасадзе лынды б’е,

Адзін працуе — сто кіруюць,

Нізы пасцяць — вярхі жыруюць.

Усклікнуў Бог: «Знайшоў разгадку!

Тут, на Зямлі, няма парадку.

Адкуль яны, святыя душы,

Калі ў грахах усе па вушы?..»

Раптоўна чуе крык слаты:

— Памёр! Памёр!

— Святы! Святы!

Надзея агарнула Бога:

— Хутчэй назад! Сустрэць святога!

 

*

Не верце ў даўгавечнасць. Плёткі!

У чалавека век кароткі.

Ледзь набярэ жыццё разгон,

І ўсё канчаецца, як сон,

І мы — мінулае, мы — продкі.

Але й набожны і бязбожны

Сустрэне непазбежнасць. Кожны!

І той пузач спецсанаторны,

І той жабрак, ад працы чорны,

І той, хто кроў чужую ссе,

І той, хто кроў дае... Усе!

Вось так дажыў свой век ушчэнт,

Падвёў жыцця апошні вынік

І, як звычайны суайчыннік,

Памёр — дзяржавам апанент,

Якім выказваў недавер,—

Быў звышапазіцыянер,

Не раз, забыўшы на аглядку,

У вочы рэзаў праўду-матку.

Памёр, пакінуўшы слядоў,

дажыўшы да сівых гадоў.

Адвіраваў, адгвалтаваў

І фінішны шнурок парваў.

Чапаць не будзем небараку,

Бо прыйдзе час і лепш за нас

Усё узважыць, дасць адзнаку,

Але шуміць, гудзе народ,

У кожнага — уласны рот,

А рот дурную мае звычку,

Ды ў кожны рот дзе ўзяць затычку?

Таму і шум, і гвалт, і тлум,

Таму і плач, і смех, і сум.

 

*

Ля брамы ў Рай, адзеты чыста,

Стаіць узнёсла, урачыста

Сам Бог магутны — не хлушу,

Чакае першую душу.

(Тут я дасціпным нагадаю:

Каб прыляцець з Зямлі да Раю

Патрэбен час, ды каб не збіцца,

У вышыні не заблудзіцца.)

Пра гэта Богу ўсё вядома.

І хоць стаіць ён нерухома,

Ад нецярпення аж згарае

І на гадзіннік пазірае.

Раптоўна чуе... Што такое?!!

З-за брамы крык ляціць, з пакояў!

А там на крыкі забарона,

Там райскай благадаці лона.

Хто парушае недазволы?

Хто тлум узняў? Няўжо анёлы?

І Бог рашуча — у пакоі,

Усіх заклікаць да спакою.

Цераз парог ступае Божа,

А там... Такога быць не можа!

І мітусні, і шуму поўна —

Душа з’явілася раптоўна,

Ды так крычыць і пратэстуе,

Ды так віруе і кіруе,

Што ад нязвыклых пераменаў

Анёлы ціснуцца да сценаў,

А Бог і сам прысеў на пяткі —

Вось гэта новыя парадкі!

Крычыць душа на зычнай ноце:

— Я што, тут буду ў адзіноце?!

Я хутка Рай ваш перайначу,

Калі па-свойму ўсё не ўбачу!

Мне будзе Рай зямлёй бясплоднай

Без апазіцыі, без роднай?!

Бог адказаў душы: — Яны,

Каго назвала ты, грашны,

Таму даўно ў смале кіпяць,

А ў нас — бязгрэшным благадаць.

Душа прапела ганарліва:

— Адзін бязгрэшны я! Не дзіва!

Вось я і даказаў сваё —

Няхай зайздросцяць мне! Жульё!

Хай у катле пагрэюць пяты,

Ды папрацуюць, дармахваты!

І за мяжою знатакі

Хай ведаюць, хто я такі!

У Бога дух аж заняло —

Адкуль такое прыплыло?

Так маналожыць замыслова,

Што немагчыма ўставіць слова.

Нарэшце Бог падняўся з пяткаў:

— Я не дазволю безпарадкаў!

Я за такі кардыбалет

У Пекла выпішу білет!..

Як кажуць, Бог падсек карэнне,

Бо стала ціха на імгненне.

І толькі ружы, як дзяўчаты,

Аб нечым шэпчуцца заўзята,

Ды ў садзе салавей свіргоча...

І тут Душа як зарагоча:

— Мяне?! У Пекла?! Тут мой дом!

Ды я ствару такі Садом,

Што тое Пекла стане Раем!..

Бог ціха застагнаў з адчаем.

Ён багахульства чуць не мог,

Крутнуўся — і цераз парог.

 

*

Цяпер настолькі хлусяць гладка,

Што дзівішся: дзе праўда-матка,

Дзе забабоны дзьмуць у дудкі,

А дзе з пустога меху чуткі?

І пасля гэтага чытання

У галаве, як цвік, пытанні:

Дзе? Як? Адкуль? Няўжо было? —

Ну і язык, што памяло!

Наплёў абы чаго, як з лёду...

Ды я не быў манюкам зроду!

Паклаў я тое на паперу,

Што чуў ад... (Ікс), якому веру,

І ён, той Ікс, плёў балаболы

Пра Рай, нібыта ўсе анёлы,

Пакуль Душа ў ім верхаводзіць,

У Пекла збеглі час праводзіць.

Душа ж рыхтуе захад новы —

Праводзіць з Пеклам перамовы,

Каб аб’яднацца нейкім чынам

І быць кіраўніком адзіным...

Хто там і да чаго імкнецца,

Цяпер сам чорт не разбярэцца.

І нам сушыць мазгі не трэба,

Патрапім у свой час на неба,

А ўсё пабачыць і панюхаць,

Намнога лепш, чым байкі слухаць.

2005


2005

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.