epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бязлітасная сеча

Калі адчую

Па дабру тугу,

Нібыта крылы вырастаюць з плеч.

І я маіх

Хапаю вершаў меч.

Імчу туды,

Не быць дзе не магу,

Дзе змрок пакуль

Прад ісцінай не кленча,

Дзе зла й дабра

Бязлітасная сеча.

 

Узрушвай гэты свет,

Трубі, труба!

Адвечная вядзецца барацьба

Супраць

Абездухоўленых пачвар,

За будучыню

Неўміручых мар.

 

Ці ж мог я марам

Не дапамагчы?

Духоўнасць у бядзе —

Жыццю пагроза.

Смялей мае,

Паэзія і проза!

Дарогу, дзень,

Не саступай начы!

 

Не ссекчы б сук,

Бо й мы на тым суку,

Сякера зла

Сляпы замах напружыць.

О, як няпроста

Зло дабру адужаць,

Калі свядомасць —

Ад падзей ў баку.

 

Як мала, свет,

Ты нарадзіў Эзопаў...

Прачніцеся,

Сучасныя гады!

Пара ўжо на ўвесь рост

Устаць з акопаў,

Бо болей адступаць

Няма куды.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.