epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бязлітасны экран

А за спіной багата успамінаў,

Падзей імклівых, што гулі даўно,

Нібы мяне раптоўна хтосьці кінуў

У залу з неагучаным кіно.

 

Час — дэмакрат і эшафот тырана,

То лашчыць сэрца, то сячэ з пляча.

І памяці бязмежнага экрана

Зашмат для адзіноты-гледача.

 

Знямеламу былому не азвацца,

І сам туды штогод — шыбчэй, шыбчэй.

Бязлітасны экран — не адарвацца,

І толькі слёзы — паўза для вачэй.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.