epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бела, чыста

Еду, еду ранкам раннім

Па заснежанай дарозе.

Цішыню прасуюць сані

Палазамі на марозе.

 

Конь пафырквае бадзёра,

Ён, нібыта той араты —

След ад саняў, як разора,

Па ўсім лесе, аж ад хаты.

 

Лапнік елак вісне сонна

Побач з хмызняком пахілым.

Недзе каркнула варона,

Лес азваўся рэхам стылым.

 

Ціха, светла, бела, чыста,

Час з зімой вядзе бяседу.

Ранкам раннім, урачыстым,

Дню насустрач еду, еду.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.