epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Белы свет»

Сядзелі летнім днём дзед Васіль са сваім унукам Максімкам на лаўцы ля хаты, на сонейку грэліся ды размову вялі.

Раптам дзед уздыхнуў і кажа:

— Вось, унучак, жыццё дажываю, а свету белага пабачыць не давялося. У Беларусі нарадзіўся, тут і кропку ў жыцці пастаўлю... Праўда, вайна скіроўвала дарогі лёсу па Еўропе, але тады я больш у прыцэл вінтоўкі глядзеў, чым па баках... Э-хэ-хэ...

— А што гэта, дзядуля, за белы свет такі? — пацікавіўся хлопчык,— хіба бывае чорны ці зялёны свет? Вакол жа нас усё шматкаляровае.

Дзед Васіль абняў унука:

— Гэта толькі так кажуць, Максімка, белы свет. Белы свет — значыцца свет вялікі, неабдымны, уся наша матухна-зямля. Ты, унучак,правільна заўважыў: наш свет — шматкаляровы і цікавы. Вось таму я і ўздыхнуў, што не давялося мне пабачыць шмат чаго ў гэтым свеце...

Пасля гэтай размовы моцна задумаўся Максімка, як дапамагчы дзеду «белы свет» пабачыць.

Але што ён можа зрабіць, маленькі хлопчык, які і сам яшчэ не бачыў гэты шматкаляровы белы свет?

І чым больш ён аб гэтым думаў, тым больш адчуваў сваю бездапаможнасць, а адчуваючы сваю бездапаможнасць, усё мацней прагнуў сваім шчырым сэрцам дапамагчы дзеду.

І вось аднойчы ноччу яму прысніўся дзівосны сон, быццам над ім схілілася незнаёмая, прыгожая жанчына, празрыстая, як сонечная раніца. На ёй была дзівосная, нібы крылы, накідка, сатканая з сонечных промняў. У руцэ яна трымала маленькі глобусік, на якім зіхцелі рознакаляровыя кнопачкі, з назвамі гарадоў. Незнаёмка ласкавым голасам сказала:

— Вось, Максімка, чароўны глобусік, якім ты можаш пакарыстацца толькі адзін дзень. Націснеш на кнопачку з назваю горада і адразу апынешся ў тым горадзе са сваім дзедам. Захочаш вярнуцца дамоў, падкінь глобусік у паветра, ён растане ў ім. А пакуль я пакладу яго ў шуфлядку твайго стала...

Максімка не ведаў, як не ведаюць і ўсе дзеці, што ў кожнага дзіцяці ёсць свая добрая фея, якая дапамагае дзецям рабіць дабро для іншых людзей.

Вось і Максімка, прачнуўшыся, быў упэўнены, што бачыў чарговы сон. Колькі разоў ён сніў цукеркі і цацкі, а раніцай нічога не знаходзіў. Ён не здагадваўся, што знайсці пад падушкай цукеркі ці цацкі — гэта звычайныя рэчы, а не сапраўдная добрая справа.

А Максімку вельмі хацелася ўсцешыць свайго дзеда і паказаць яму такі таямнічы белы свет. Хіба ж гэта не высакароднае жаданне зрабіць добрую справу?

Максімка паснедаў і пабег на вуліцу ладзіць са сваімі сябрамі гулі. Толькі вечарам, калі прыйшлі з працы яго бацькі і ўсе сабраліся за вячэрай дома, хлопчык ўспомніў незвычайны сон. Ён пабег у свой пакой, але каля стала спыніўся. Паглядзець у шуфлядку ці не? Не, лепей не расчароўвацца! Гэта ж толькі сон...

— Але што я губляю?— выдыхнуў Максімка і рашуча высунуў шуфлядку. Зазірнуў у яе і аслупянеў, вачам сваім не верыць — у шуфлядцы ляжаў прыгожы каляровы глобусік. Хлопчык дрыготкімі рукамі дастаў яго і паднёс бліжэй да святла. На глобусіку перламутрам пераліваліся шматлікія кнопачкі, пад якімі чыталіся назвы гарадоў.

Максім ушчыкнуў сябе.

— Зноў я сплю! Зноў сон! — але ўшчыкнутае месца забалела.— Гэта не сон! Гэта напраўду! — ледзь не закрычаў ён і памкнуўся ціскануць на любую кнопачку, але своечасова стрымаў сябе:

— Што я, дурань, чуць не зрабіў! А калі гэта напраўду чароўны глобусік? Сапсаваў бы ўсю справу! Гэта ж толькі адзін раз можна пакарыстацца цудам! А дзед? Хіба ж без яго можна ціскаць на кнопкі? Ды і вечар за вокнамі, ноч на носе. Не, трэба чакаць раніцу і відном рабіць спробу перанесціся ў «белы свет».

Лёгка сказаць, чакаць раніцу, калі ў руках такая неверагоднасць. Каб супакоіць нецярпенне, Максімка пачаў вывучаць назвы гарадоў і планаваць, адкуль пачаць вандроўку і дзе абавязкова пабыць. Гэта зрабіць было зусім няпроста, таму што хацелася як мага болей гарадоў наведаць і таму, што Максім не ведаў, што хацеў бы пабачыць яго любы дзед. А галоўнае, яму было сорамна прызнацца сабе ў тым, што яго геаграфічныя веды «кульгаюць».

Ноч цягнулася марудна доўга, сон не ішоў да Максімкі, здавалася, што час стаіць на месцы.

Нарэшце надыйшла доўгачаканая раніца. Паснедаўшы, Максімавы бацькі пайшлі на працу, а ён застаўся з дзедам і бабуляй.

Летні дзень ласкава запрашаў на вуліцу і абяцаў цяпло і пяшчоту. Баба рупілася ля стала, а Максімка з дзедам селі ля хаты на лаўку і маўчалі.

Максімка маўчаў таму, што не вырашыў, як падступіцца да дзеда са сваім сакрэтам. Ці сказаць яму адкрыта, ці нейкім чынам схітраваць? Дзед маўчаў таму, што з асалодай курыў.

Нечакана выйсце з гэтай праблемы прыйшло само: дзед прыгрэўся на сонейку і задрамаў.

Максімка, для надзейнасці, ціхенька узяўся за дзедаву руку і націснуў на першую кнопачку, пад якой было напісана добра вядомае яму слова «Масква».

Умомант абодва вандроўнікі апынуліся ў Маскве. Ды дзе! На самой Чырвонай плошчы! Усё адбылося так хутка, што дзедава цыгарка працягвала дыміцца.

Дзед надзіва спакойна азірнуўся навакол і сказаў ціхенька сабе пад нос:

— Гэта ж трэба такому прысніцца!..

Максімка раскрыў рот, каб пераможна абвясціць дзеду, што гэта не сон, што гэта ён, яго ўнук, творыць цуд, але прыкусіў язык: няхай сабе дзед думае, што ўсё адбываецца ў сне. Меней будзе пытанняў, на якія і сам Максімка не ведае адказу.

Дзед і ўнук, ўзяўшыся за рукі, расталі ў шматлікім натоўпе людзей, сярод гоману галасоў і сталічнага тлуму.

Спачатку яны падыйшлі да Маўзалею Леніна, затым за нейкай экскурсіяй накіраваліся да Вечнага агню ля магілы Невядомага салдата. Дзед ніяк не мог надзівіцца на Крамлёўскія шпілі, якія, здавалася, прапорваюць сваімі зоркамі неба.

Дзед ціха выдыхнуў:

— Як шкада, унучак, што гэта мой сон...Хадзіць ты са мной ходзіш, але бачыць нічога не можаш, бо кожны бачыць толькі свае ўласныя сны...

Максімку зноў давялося прыкусваць свой язык, каб не сапсаваць дзедаў «уласны сон».

Хлопчык сам з захапленнем круціў галавой, як тая сава, але памятаў і пра тое, што на ім ляжыць адказнасць «сусветнага экскурсавода». Ён па-даросламу разумеў, што час бяжыць хутка, што доўга затрымлівацца ў адным горадзе нельга, таму непрыкметна для дзеда адвярнуўся і ціскануў на кнопку...

Дзед у сваіх успамінах часта нагадваў гэты горад, бо з ім былі звязаны вельмі важныя падзеі ў яго жыцці і, як ён казаў, у жыцці ўсяго чалавецтва.

Так, гэта быў горад Берлін. Стары відавочна ажывіўся, выпрастаў плечы, здавалася, памаладзеў.

— Матухна родная! Гэта ж Берлін! — усклікнуў ён,— Вось гэта, унучак, Брандэнбургскія вароты! А вунь, ліха яго бяры — Рэйхстаг! Я табе, Максімка, пра яго распавядаў. Эх, шкада, залізалі яго ды падфарбавалі... Вунь на той сцяне быў і мой пераможны надпіс.. Эх, шкада, запэцкалі, затынкавалі ўсё...

Прахожыя з цікавасцю азіраліся на дзеда, які пасля сняданка ў вёсцы, выйшаў з хаты пакурыць басанож. Цяпер і па Берліну ён вытупваў босымі нагамі.

— А-а! Азіраюцца! Ты павінен бачыць гэта, Максімка — азіраюцца, пазнаюць пераможцу! Эх, ведаць бы, што такое прысніцца, пачапіў бы перад сном на ўсе грудзі свае медалі і ордэны — знайце нашых! Глядзіце, азірайцеся — дзед з унукам на шляхах баявой славы! Дзеля гэтага варта жыць, Максімка!

Магчыма, стары і далей працягваў бы свой усхваляваны маналог, але хлопчык ціскануў на чарговую кнопачку з невядомым словам Нью-Йорк.

Па вушах адразу разануў шум, гудзенне вялікага мноства машын, ад людзей і шыльдаў навокал застракаціла ўваччу. Знікла небе, яго засланілі высачэзныя гмахі-дамы. Тут было шмат чарнаскурых людзей і Максімка крыху спалохаўся, а дзед прашаптаў: «Свят! Свят!» і перахрысціўся. Было горача і няўтульна, хацелася піць. І ўвогуле хацелася на прастор, не хапала паветра, але за кожным вуглом пачыналася ўсё з пачатку — дамы-гмахі, слата людзей і машын.

Дзед абурыўся:

— Не ведаю, унучак, куды мяне занёс сон, але нават сніць такое непрыемна, а ўжо жыць тут — барані Бог.

Максімку таксама не падабалася тут і ён з палёгкай націснуў на зноў жа незнаёмы горад Дэлі.

Але палёгкі не атрымалася. На нашых вандроўнікаў дыхнула яшчэ большай спякотай. Ды і людзей тут было багата — не размінуцца. Па вуліцах імчалі ў двух напрамках розныя машыны, нейкія дзіўныя двух і трохколыя веласіпеды, нават сланы сустракаліся. Але самае дзіўнае было тое, што між гэтай тлумнай мітусні спакойна вышпацыроўвалі звычайныя каровы, да якіх усе ставіліся надзвычай трывала і паважліва. абміналі іх нават тады, калі якая-небудзь рагуля укладвалася пасярод вуліцы.

— Вось гэта дык сон! — не пераставаў дзівіцца дзед,— Глянь, Максімка, вунь якая шырокая рэчка і колькі людзей ў ёй боўтаецца, нават у адзенні. Можа б і нам абмыць ногі?..

Максімку было вельмі горача і ён з асалодай пакупаўся бы, але працягваў маўчаць, каб не раскрыць дзеду сакрэту, які і для яго самога заставаўся сакрэтам.

А дзед працягваў:

Не, унучак, не палезем у рэчку, вада нейкая мутная і жоўтая, не тое, што ў нашай крынічнай Удранцы. Дзед выцер успацелы твар і Максімка зразумеў, што тут не вельмі спрыяльна для дзедава здароўя. Таму ён хуценька націснуў на назву горада — Парыж.

Пасля шумнага і душнага Дэлі, Парыж падаўся раем. Тым больш што вандроўнікі апынуліся ля Эйфелевай башні, дзе адсутнічаў аўтамабільны рух і толькі турысты ды гаражане павольна праміналіся па вычурнаму бруку.

Тут дзед выказаў сваю дасведчанасць:

— А я, унучак, ведаю гэту шыбельніцу, бачыў яе па тэлебачанні ды ў часопісах. Гэта — знакамітая Эйфелева башня. Вось куды занёс нас сон — аж у Парыж! Але ў Францыі ёсць і іншыя знакамітасці. Я, унучак, як прачнуся, раскажу табе пра французскіх лётчыкаў, якія ў вайну дапамагалі нам біць фашыстаў. Ліхія былі часы і славутыя!..

Недзе тут, Максімка, і слынная Трыўмфальная арка, але я, хоць і ў сне, а дужа стаміўся. Ногі гудуць, падэшвы агнём пячэ. Гады бяруць сваё.

Максімка і сам адчуваў стому ва ўсім целе,але трываў дзеля дзеда. Цяпер, пасля дзедавых скаргаў, ён ледзь не валіўся з ног.

Хлопчыку было шкада перапыняць падарожжа, было шкада расставацца з глобусікам, але абставіны вымусілі яго зрабіць гэта. Ён непрыкметна адвярнуўся ад дзеда, прыціснуў да грудзей цудоўны начны падарунак і, стрымліваючы слёзы, прашаптаў:

— Дзякуй табе, начная таямнічая госця, дзякуй табе, чароўны глобусік! Бывай! — і кідануў яго ў паветра над галавой, дзе ён растаў у блакітным небе.

Адразу Максімка і дзед апынуліся ля сваёй хаты на лаўцы. Вечарэла.

З хаты выйшла Максімкава бабуля і здзівілася:

— Вы тут? А дзе гэта вы, гулёні, цэлы дзень адсутнічалі? Абедаць не прыходзілі, я ўжо хвалявацца пачала.

— Што ты выдумляеш? — запярэчаў дзед,— я крыху прыдрамнуў на лаўцы, а Максімка, пэўна, гойсаў з сябрамі.

За вячэрай дзед узрушана і дэталёва распавядаў усім, які незвычайны сон ён бачыў, дрэмячы на лаўцы.

— Шмат пабачыў, як у кіно. І цікавага, і рознага, але больш прыгожага, чым у нас, у Беларусі, нават у сне няма. Ведаеце,— горача працягваў ён свой распавед,— мне ў сне падалося, што Парыж не так ужо і далёка ад нашай вёскі.

Максімка загадкава ўсміхнуўся.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.