epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бераг маленства

Як добра ў маленстве было,

хоць абклала нястача,

Хоць голад душыў дзень і ноч,

паглынаючы сілы,

Хоць холад пранізваў наскрозь —

рызманы ж — не адзенне,

Хоць рэдка гаіліся збітыя босыя ногі.

 

Затое маленства штодня

свет па-свойму ўспрымала,

Маленства ніколі

не бачыла чорнае фарбы,

Яно каляровым было

сярод дзён чорна-белых

І верыла свята, што дні маюць

колер вясёлкі.

 

Пра многія з’явы жыцця

яно й вухам не чула,

Таму не піло сваім сэрцам

атруту пазнання,

Таму не баялася кожнага

новага ранку

І кожнага новага дня —

ён жа быў каляровы.

 

Адкуль было ведаць маленству...

Нашто яму ведаць?!

Так мала адпушчана Богам

ружовасці гэтай,

Так многа для кожнага лёсу

пакутаў і болю...

Ружовасці кропля,

а чорнага колеру — процьма.

 

Прачніся, маленства, з усмешкай

на твары нявінным,

Ляці матыльком і купайся

у сонечных промнях,

Пакуль для цябе гэты свет —

каляровае мора...

Паспееш яшчэ наглытацца

пакутаў і гора.

 

*

Нічога не доўжыцца вечна,

тым болей — маленства.

Яно пралятае імгненна

чароўнаю знічкай,

Яно — як крышталік сняжынкі

на цёплай далоні,

Яно — нібы сон, у якім

можна лётаць без крылаў.

 

Ідзе чалавек праз маленства

ў жыццёвае мора,

У хвалі-гады — па калені,

па грудзі, па горла.

Глытае салёную, горкую

вадкасць пакутаў,

Якая шпурляе яго,

з галавой накрывае.

 

І б’ецца, змагаецца з хвалямі ён —

парушынка,

І грудзі сціскае цяжар —

не хапае паветра...

Вярнуцца б у казку назад,

у ружовасць дзяцінства,

На бераг маленства,

ды хвалі назад не пускаюць.

 

*

Штодзень і штогод аддаляецца

казачны бераг.

І часу, і сіл не хапае

назад азірнуцца...

Адкрыліся вочы на свет,

на людзей, на падзеі,

І сам на сябе чалавек

паглядзеў па-другому.

 

Дык вось яна — ісціна —

варта расстацца з маленствам,

І ты — ужо частка падзей

і сабе не належыш,

І сееш дабро, а зжынаеш

пакуты і горыч,

І значна радзей прылятае

на вусны усмешка.

 

Дык што высвятляецца —

сонца стварае і цені,

На свет нараджаюцца людзі,

каб жыць і памерці,

І падаюць недзе

з нябесных вышынь самалёты,

І недзе ляглі параходы

на дно акіяна...

 

Ствараецца зброя —

не толькі дзіцячыя цацкі,

Ствараецца зброя —

і будуць забітыя дзеці.

Табой, чалавек,

вынаходзіцца новая зброя,

Яе аказалася болей,

чым цацак і хлеба...

 

Усе пераблытана і —

перавернута намі —

Законы жыцця і адвечная

мудрасць прыроды.

...Чарнобыль, Афган і Чэчня...

Зноў ідзе брат на брата —

І могілкаў колькасць расце,

і яны маладзеюць.

 

He дзеці хаваюць бацькоў,

а бацькі сваіх дзетак,

Сівеюць пад цяжкасцю страт

маладзенькія ўдовы,

На вуліцах жах —

аніводнай цяжарнай жанчыны,

Жалобных сталоў стала больш,

чым радзільных адведзін.

 

Дык што гэта робіцца?

Кроў, як віно, ап’яняе.

Ніводнага дня не праходзіць,

каб кроў не лілася.

Зямлю напаілі мы шчодра

слязьмі і крывёю,

Ды толькі на іх не растуць

ані хлеб, ані радасць.

 

І ўжо беззаконне — закон,

стала нормай гвалтоўнасць.

Палітык адзін вырашае

лес тысячаў лёсаў.

І ўжо пачынаем баяцца мы

новага ранку

І кожнага новага дня —

ён прыходзіць счарнелы.

 

*

Мы самі узрушылі

гэтыя мутныя хвалі

І рознаму смеццю

падняцца наверх паспрыялі.

І грудзі сціскае цяжар,

не хапае паветра —

Бывай назаўсёды, знікаючы

бераг маленства...

1994


1994

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.