epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бессэнсоўе

Сеялi зярняты ў глебу —

Хвалявалiся.

Сэрцы цешылi: быць хлебу! —

Спадзявалiся.

 

Палiвалi поле потам —

Не скупiлiся.

Глебу песцiлi, а потым —

Разгубiлiся.

 

Нi расточка, анi ўсхода

Не прабiлася.

Што за лiха-перашкода

Навалiлася?

 

Сейбiты клялi здарэнне

I аратыя.

Хто ж мог думаць, што насенне

Вiнаватае?

 

Што яно — у цемры глебы

Спiць спакойненька

I не ведае патрэбы

Бачыць сонейка.

 

I ляжыць яно падгнiўшы,

Цемрай душыцца,

Лёс лянотаю спавiўшы,

Не варушыцца.

 

Будзе сёння, як i ўчора —

Спадзяваецца.

I не ведае, што гора

Падкрадаецца.

 

Век iмгненнем пралятае,

А галоўнае —

Тое, што не прарастае —

Бессэнсоўнае.


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.