epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бессэнсоўе сэнсу

Жыццё мае сэнс,

пакуль Бог нас вядзе

Пад сонцам —

а потым жывуць успаміны,

Ды й тыя, нібыта

кругі на вадзе

Згасаюць і мруць,

як і мы — усё адзіна.

 

Памёр дзед-стагодак

альбо немаўля,

Цяпер ім пароўну —

ні сэнсу, ні страху.

Усіх ураўнуе сырая зямля...

Ці многа тут сэнсу —

мір вашаму праху?

 

Праз многія лёсы

стагоддзі прайшлі

І сцёрлі імёны —

і з намі так будзе.

— Хто жыў тут калісьці,

на гэтай зямлі?

Адказ будзе абагульняючы: —

Людзі...

 

Мы ў цемру нырнём з галавою —

бултых!

І станем мінулым

і рэдкімі снамі.

Жыццё наша сэнс мае

толькі для тых,

Хто зноўку народзіцца,

прыйдзе за намі.

 

Так, наша жыццё

мела сэнс пры жыцці,

Дзе плёну вытокі,

дзе твораў пачаткі.

Нічога, што нашых імён —

не знайсці

Ў гісторыі — спадчына наша —

нашчадкі.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.