epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Безбаязна

Канец жыцця...

Што я ў сабе нашу?

Дай сілы напаследак мне, Ісусе.

Каб хтосьці зазірнуў мне у душу,

Здзівіўся б, не паверыў бы, жахнуўся.

 

Ад мараў — выстыў след, шматкі ад мэт,

На сёння зеўрыць згінуўшае ўчора.

Унутраны мой свет — даўно не свет,

А мéшанка з пакутаў, слёз і гора.

 

А я пішу... І гумар праслізне,

І думкі паднімаюцца з каленяў,

І цяжка, не зрабіцца ценем мне,

Сярод пякучых сэрца стратаў-ценяў.

 

І сам сабе дзіўлюся — я жывы,

Аб чым прылюдна сведчу і адказна.

А я жыву — і ні ніжэй травы,

І ні цішэй вады, а безбаязна.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.