epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бездань

Восеньскі дзень непрывычна кароткі,

Адзелянела вакол, адцвіло.

Нізкіх, няветлівых хмараў ашмёткі

Мурзаюць неба, глытаюць святло.

 

Дзівяць надвор’я штодзённыя зрухі:

Сонца, дажджы — па калені вады,

Ранні зазімак і белыя мухі,

Зноў пацяпленне і — зноў халады.

 

Восенню ў горада — сумны адбітак,

Шэрасць, няветлівасць кожнага дня,

Дрэвы пакорна гібеюць без світак,

Смецце, макрэча, вакол мітусня.

 

Вечарам, ноччу — не сум, а жахлівасць,

Хтосьці пабіў на слупах ліхтары,

Людзі, як цені, снуюць палахліва,

Цемрай пужаюць пад’езды, двары.

 

*

Шурка нервова курыў без жадання,

Дым цыгарэтны знікаў угары.

Лаўка — звычайнае месца спаткання,

Хутка павінны сысціся сябры.

 

Холадна... страшна... ды сорам прызнацца...

— Што я малы? — супакоіў сябе.

Шурка — падлетак, няпоўных шаснаццаць,

Думак пакуль што не бачна на лбе.

 

Ды і адкуль гэтым думкам з’явіцца?

Кніг не чытаў, школу кінуў даўно.

Верыў, што доўга вяровачцы віцца,

Веру ўзмацнялі гарэлка, віно.

 

Грэлі і цешылі грошы ў кішэні —

Смачнае пі, дарагое куры...

Раптам да Шуркі нырнулі, як цені,

З цемры халоднай падлеткі-сябры.

 

Пяць іх ці шэсць, з цыгарэткаю кожны,

Бачна, што розум і іх абмінуў...

— Што ты тут, кораш, сядзіш, як набожны,

Быццам ты толькі што хрэн праглынуў?

 

Шурка ад кпінаў адбіўся пытаннем,

Каб вінаватым не быць без віны:

— Дзе вас насіла нячыстая зрання?

Самі дзе шасталі вы, пацаны?

 

— Ну заманаў! Па-харошаму зычым:

Піць трэба меней, халява, фуфло!

Мы ж прадавалі начную здабычу,

Кожны стараўся, збываў барахло.

 

— Хопіць брахаць! Каб не пікнуў ніводны! —

Спрэчку спыніў самы дужы.— Лады?

Сёння мяняем раён! Неабходна

He засвяціцца, заблытаць сляды.

 

Хлопцы закрылі раты паслухмяна —

Сіла — закон, а важак ёсць важак.

Тут паважалі рашучасць Руслана,

Слова яго і жалезны кулак.

 

Вось і цяпер кожны ціха паводзіў,

Кожны вагу сваю ведаў і стаж...

Сёння Руслан, як заўсёды, праводзіў

«Перадпрацоўны» агляд-інструктаж:

 

— Шурка — ахвяру спыняй, як і ўчора,

Мы — нечакана наскочым з бакоў.

Эрык — страхуе. На шухеры — Жора.

Без адхілення! Без лішніх мазгоў!

 

*

Лена ішла з інстытута паспешна,

Бо затрымалася — позна было.

Ноччу будынкам зрабілася цесна,

Вісла над горадам цемры крыло.

 

Пахла зімой у паветры халодным,

Холад і страх падганялі дзяўчо.

Лена была у скураначцы моднай,

Сумка з канспектамі — цераз плячо.

 

Лена жыла у раёне працоўным,

Можа, таму тут не шмат ліхтароў?

Рэдкі прахожы вынырваў раптоўна

З цемры, як здань, і знікаў між двароў.

 

Ззаду пачуліся нейкія гукі...

Страшна... дзяўчыну аж кінула ў пот.

Раптам халодныя нечыя рукі

Лену схапілі, заціснулі рот.

 

Рукі другія здзіралі скуранку,

Хтосьці зашыкаў: — Хутчэй ты цягні!..

Лена змагалася бесперастанку,

Зубы ўпіліся у край далані.

 

— Сука! — на Лену абрынуўся Шурка.—

На! — і зваліў кулаком яе з ног.

Лена абмякла — з плячэй яе куртку

Шурка сцягнуць свайму сябру памог.

 

Недзе бязрадасна бліснулі фары

І аддаляцца, знікаць пачалі.

Хлопцы рвануліся прэч ад ахвяры,

Што засталася ляжаць на зямлі.

 

Шурка крутнуўся назад бліскавіцай,

Лену знайшоў: — Толькі пікні — хана!

Вушы намацаў, рвануў завушніцы,

З мясам рвануў — застагнала яна.

 

З рук у дзяўчыны пасцягваў пальчаткі,

Глянуў наўкола і — зноў да сяброў.

Зграя пабегла далей без аглядкі

Па закавулках, між цёмных двароў.

 

Мо з паўгадзіны па-воўчы прабеглі,

Гнаў шпанюкоў баязлівы алюр.

Шурка паскардзіўся: — Што, нас запрэглі?

Коратка кінуў Руслан: — Перакур!

 

І хоць крыху падмарозіла к ночы,

Спіны ўзмакрэлі, з насоў пацякло.

Сквапна свяціліся ў кожнага вочы:

Будзе навар! — ад душы адлягло.

 

— Так, разыходзімся! Заўтра спатканне

Там, дзе заўсёды,— зазначыў Руслан.—

Я, калі што, намалююся зрання,

Трэба абдумаць, шыкоўны ёсць план.

 

Хтосьці напомніў: — Пагоня па следзе —

Козыр «лягавых» — атас, пацаны!

Шурка і Эрык — амаль што суседзі,

Шмыгнулі разам у цемру яны.

 

Моўчкі ішлі, цыгарэткі смакталі.

Тут, каля вуліц,— светлей і байчэй.

Раптам п’янога яны напаткалі,

Зноў загарэлася сквапнасць вачэй.

 

— Шурка, глядзі! Вунь андатра п’яная!

Шурка насупіўся: — Рызыкі шмат.

Глянь на людзей — колькі нас абмінае,

Шапка не ў радасць, як схопяць за зад!

 

Эрык са злосцю: — Не будзь ты анучай!

Шурка згадзіўся: — Была не была!

Хлопцы назад падаліся рашуча

За незнаёмцам, далей ад святла.

 

Той, хоць хістаўся, а крочыў і крочыў,

Быў не у смятку зусім, а жывы.

Эрык знянацку драпежна наскочыў,

Шапку ўшчарэпіў, сарваў з галавы.

 

Бліснула радасна думка: — Цудоўна!

Эрык крутнуўся, каб даць драпака,

Дый незнаёмец крутнуўся раптоўна —

Хваць! І трымае злачынцу рука.

 

— А-а, смаркачы! Што, спаткалі дурнога?!

Я вас прыкмеціў даўно, байструкі!..

Эрык адчуў, што патрэбна падмога,

Хоць вырываўся адчайна з рукі.

 

А незнаёмец працягваў тыраду:

— Вось у міліцыю як зацягну...

Шурка спыніў яго словы, бо ззаду

З сілай нажом садануў у спіну.

 

Постаць мужчыны хіснулася, звяла,

Ён захрыпеў і абсунуўся ў ноч...

Ноч без світанку раптоўна настала,

Доўгая, чорная, вечная ноч.

 

*

Шуркава маці адчула благое,

Сэрцам адчула не сёння — даўно:

Сын аддаляўся, дзіця дарагое

Гінула, стала замкнёным яно.

 

Разгаварыць, распытаць не даваўся.

— Я падрабляю! — скрозь зубы цадзіў.

Плакала маці, а ён агрызаўся:

— З вашае ласкі я б голы хадзіў...

 

Што тут казаць? Маці крыўдна і горка:

— Здзек, не заробак, хоць лямку цягну,

Хоць і кручуся штодня, як вавёрка,

Б’юся, нібы галавой у сцяну...

 

Маці — да мужа: — Ты ж бацька, мужчына!

Ты ж запытайся ў яго праміком!

Школу пакінуў — ці ж гэта магчыма?

Стукні хоць раз па стале кулаком!

 

Бацька паморшчыўся: — Хопіць сварыцца!

Стукаў я, грукаў — дайшоў да канца...

Кааператар ці фірма як быццам

Уладкавалі на працу хлапца.

 

Глянь — прыадзеўся. А школа — пацерпіць!

Толку, што стаў інжынерам я... Зноў

Сёння жыццё мяне круціць і верціць —

Я — то без хлеба, то я — без штаноў!..

 

Спрэчкі бацькоў прыглушыла штодзённе —

Цэны, няхватка харчоў, мітусня.

Гэта багацце прыдбалі не сёння,

Многа гадоў нажывалі — штодня.

 

Рана ўставалі і спешна — на працу.

Шурка даўно бездагляднасць пазнаў.

Рэдка ўдавалася разам сабрацца —

Дом не прыцягваў, не грэў, не яднаў.

 

І набылі мімаходнасць спатканні,

Быццам чужыя — бацькі і дзіця.

Маці радзей задавала пытанні —

Думкі расплюшчыла ноша жыцця.

 

Бездань між душамі... Дзе тая кладка,

Што аб’яднае абодва бакі?

Продкі — на гэтым, насупраць — нашчадкі,

Дзеці — на тым, а на гэтым — бацькі.

 

Што хвалявала — амаль не кранае,

Глушыць пачуцці пакутлівы час.

Хутка стамляцца душа пачынае

Там, дзе палоніць бязвыхаднасць нас.

 

*

Шуркавы ногі імчаліся к дому,

Ён, як маланка, ў пад’езд заляцеў.

Доўга ў пад’ездзе стаяў нерухома,

Здыхацца, скінуць нервовасць хацеў.

 

Цешыла думка: «Уцёк, адарваўся,

Змыўся, зліняў...» Ад душы адлягло.

А пра астатняе не хваляваўся,

Іншых і іншага — як не было.

 

Нехта там недзе крывею зыходзіў —

Дробязь! Галоўнае — бух у пасцель.

Шурка спакойна ў кватэру заходзіў,

Каб затаіцца, каб легчы на мель.

 

Маці не спала. І бацька уткнуўся

Носам у тэлевізійны экран.

Маці азвалася: — З працы вярнуўся!..

І цыраваць перастала кафтан.

 

Моўчкі іголку у шпульку ўтыркнула,

Моўчкі адклала свой «швейны станок».

Сына ласкава за плечы кранула:

— Ёсць макароны — пагрэю, сынок...

 

— Насталаваўся у вас, накарміўся:

Хлеб, макароны, булён, маслакі...

Шурка плячыма крутнуў: — Я стаміўся!..

Плечы не ўчулі пяшчоту рукі...

 

— Грэшна, сынок!.. Хіба ж беднасць — прычына,

Каб адцурацца ад дому свайго?..

Маці заўважыла шапку у сына.

— Справіў абноўку?! Андатра — ого!

 

Мужа гукнула: — Адліпні ад скрынкі!

Бацька памераў «абноўку», патрос...

— Што ж, малайчына! Стараешся, сынку,—

Я да такога пакуль не дарос.

1993


1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.