epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Безнадзёга

У думках, вершах мушу паўтарацца,

Таму, напэўна, што мой век на сконе?

Мінулыя гады мне часта сняцца —

І ўсё ж часцей за ўсё мне сняцца коні.

 

О коні, коні! Страчанае свята!

Акрыленасць сяброўствам закадычным.

Схіляюся прад вамі вінавата,

Прад лёсам, незаслужана трагічным.

 

Ваш век шчаслівы — у мінулым, згінуў,

Вы сёння — толькі кропелька былога.

І горка мне ад светлых успамінаў,

Бо вам не адрадзіцца — безнадзёга.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.