epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Безыменныя магілы

Здаецца, тут жалобіць час застылы,

На могілках, ля родных мне магіл.

А ёсць тут безыменныя магілы —

Ў зямлі там — прах

І зверху — прах і пыл.

 

Ні крыжыка,

Ні надпіса — нічога,

Грудок зямлі і той руйнуе час.

Аджыў сваё, адгараваў, нябога,

І ў памяці недаўгавечнай згас.

 

Хто ён? Ці хто яна? Стары? Дзіцятка?

Цікавы быў? Вясёлы быў? Які!

І гэта ўжо жалобная загадка,

Загадкай застанецца на вякі.

 

Чым больш такіх магіл,

Тым болей дзікім

Свет робіцца і безыменіць нас.

Яны крычаць сваім бязгучным крыкам,

Магілы безыменныя ўвесь час.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.