epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Благавест

Раптоўна неба лік

Заззяў, не без прычыны —

Зямля пачула крык

І прыняла радзіны.

 

Такі вось благавест

Стварылі часу рукі.

Зямля была замест

Бабулі-павітухі.

 

Пад песню салаўя

Лес віншаваў і поле.

Дамоў «прыехаў» я

У маміным прыполе.

 

Пазней — у далане

Тых дзён, жыццё не гасла —

Ля мэдлікаў мяне

Трымала перавясла.

 

І ў баразне я рос,

Качаўся, ладзіў гульбы,

Пакуль бацькоўскі лёс

Гарбаціўся над бульбай.

 

Я ў жыце быў снапок,

А на раллі — бульбінкай.

Вось так, за крокам крок,

Ішоў жыцця сцяжынкай.

 

Я захаваў давер

Да сябра-наваколля.

Ці не таму й цяпер

Услых вітаю поле?

 

І подыхам зямлі

Свой подых наталяю.

Паклон нясу раллі

І з лесам размаўляю.

 

Я шмат гадоў-кашуль

Знасіў, па-свойму вышыў.

Сыду туды, адкуль

У свет калісьці выйшаў.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.