epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Благі саюзнік

Мінулае заўжды ў належным стане

І ад яго штораз больш доўгі цень.

Яно расце й расці не перастане,

Бо да яго імкнецца кожны дзень.

 

А будучыня? Што яе чакае?

Як ёй расці? З якіх такіх ідэй?

Яна ж праз кожны дзень перацякае

У час мінулы — ну а што далей?

 

А чалавецтва — усё ж саюзнік ночы,

Ад ісціны не дзецца анідзе —

Пасля жыцця не ў будучыню крочыць,

А дружна у мінулы час ідзе.

 

Што ж, гэта жарт... але у жарце кожным

Ёсць і сур’ёзны сэнс, зусім другі:

Застацца мы без будучыні можам,

Бо мы саюзнік для яе благі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 14. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2021. - 376 с.