epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Блакітная дарога

Сінь. Акіян высокі,

Такі прыемны воку.

А белыя аблокі,

Як лебедзі з далёку.

 

Ці з выраю, ці ў вырай,

Плывуць яны паволі.

І гэтай казкі шчырай

Не дачытаць ніколі.

 

Здаецца, сам бы вольна

Ляцеў сінь-акіянам.

І кінуў кліч бы сольны,

Як той важак прызнаны.

 

Блакітная дарога,

Прывабная такая

Ды ад свайго парога

Зямля не адпускае.

 

І кроўнай пупавінай

Трымае родны краю.

Аблокам лебядзіным

Я ўслед рукой махаю.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.