epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Блазнючок

Я блазнючком зайздросціў юнакам,

Я іх гады ўспрымаў, нібыта святы —

Калі ж, нарэшце, падрасту я сам

І ўвагу звернуць на мяне дзяўчаты?

 

І сталасці не менш зайздросціў я,

Трымаў узор дарослых на прыкмеце —

Ці ж будзе і ў мяне свая сям’я,

Свой дом уласны, ў доме — жонка, дзеці?

 

Грэў сэрца светлых заздрасцяў Гальфстрым,

Ў сабе хацеў я мужнасць мець, адвагу.

Зайздросціў я употай і старым

За ўсебаковую да іх павагу.

 

Я бедаваў — калі ўжо ён міне,

Перыяд блазнюковы нецікавы?

Ці ж можа пазайздросціць хтосьці мне,

Бо за сталом жыцця — мне крайчык лавы.

 

І вось даўно ў мінулым маладосць,

Яна і сталасць адгулі «агулам».

Я састарэў, я ўжо часовы госць,

Усё, што меў, блукае ў мінулым.

 

Цяпер адно — зрабіць апошні крок,

Зрабіць і зазірнуць у вочы Богу.

Як я табе зайздрошчу, блазнючок,

Бо ты распачынаў жыцця дарогу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.