epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Bo дажыліся...

Што ты, мой конік, траву не скубеш?

Цешся, сталуйся. Хочаш аўса?

Калі ласка — паеш,

На, падсілкуйся.

 

Папрацавалі з вясны мы з табой

Дружна, ў ахвоту.

Бог паспрыяў разабрацца з сяўбой —

Сохні ад поту.

 

Летам вальней — прывязём воз-другі

Дроўцаў-паленаў,

Выспеюць потым лугі-мурагі —

Будзе і сена.

 

Адпачывай, бо як толькі засне —

Ссохне бульбоўнік,

Зноў пабрыдзём па адной баразне,

Добры мой конік.

 

Зноў узмакрэюць спіна і бакі,

Косці заломіць.

He дармаеды мы, не лайдакі —

Хай Бог бароніць.

 

Выберам бульбачку, перабяром —

І ў варывеньку.

Пабарануем і перааром

Поле, зямельку.

 

Стоміцца восень зямліцу мачыць —

Зімка прыблудзе.

Трэба й зямлі да вясны адпачыць —

Сілу набудзе.

 

Ты прытаміўся — здыму я аброць

І рассупоню.

Служыш ты мне без дубца, самахоць —

Дзякуй, мой коню.

 

Буду карміць цябе, буду паіць

Чыстай вадзіцай...

Слухае конь мой, у вочы глядзіць —

З розумам быццам.

 

Раптам пачуў я (няўжо гэта сню?) —

Конь словы шпара:

— Дзякуй табе за тваю дабрыню,

Мой гаспадару!

 

Згодзіцца ў працы з табой векаваць

Хворы і кволы —

Любіш ты сам, гаспадар, працаваць,

Любіш жывёлу.

 

— Што ж не скубеш ты, мой конік, траву

Смачна, рупліва?

Што апусціў да зямлі галаву

Сумна, тужліва?

 

Конь ледзь прыкметна вушмі стрыгануў,

Фыркнуў з уздыхам,

Жаласна ў вочы мае зазірнуў,

Кажа мне ціха:

 

— He, не баіцца работы наш род,

Выцерпе й пугу.

Гора з таго, што пайшлі мы на звод,

Конь — на акругу.

 

Грэх наш які і якая віна?

Што за матывы?

Мы чалавеку служылі здаўна,

Вынік — жахлівы.

 

Перамалоў нас няўдзячнасці млын —

Век высакосны.

Стаў чалавек ля жалезных машын

Чэрствы і злосны...

 

He, не пярэчыў я сябру свайму —

Лыпаў вачыма.

Што б ні казаў, ні тлумачыў яму —

Будзе ўсё міма.

 

Наша бяздушша на жорсткасць памнож —

Будзе ўсё мала.

Іх наша глупства пусціла пад нож —

Закатавала.

 

Сумна і сорамна, горка — хоць плач,

Песенька спета.

Ціха прамовіў я: — Конік, прабач...

Праўда ўсё гэта.

 

*

Ноч я не спаў — паскалолі мазгі

Думкі-іголкі.

Хату пакінуў я, нейкі другі,

Ціха на золку.

 

Вось і палоскі святла зацвілі —

Ранак ружовы...

Веру й не веру, былі й не былі

Конскія словы.

 

Хоць сапраўды размаўляў з вараным —

Бойся прызнацца.

Скажаш камусьці — палічаць дурным,

Будуць плявацца.

 

Потым і праўду палічаць маной —

Станеш манюкам,

He, хай памрэ гэта тайна са мной —

Лепей — ні гуку.

 

І агарнулі раптоўна мяне

Сум, адзінота.

Плакала сэрца, як гук на струне

Раненай нотай.

 

He! Хто пачуе плач сэрца майго?

З кім падзяліцца?

Стаў я услых ні з таго ні з сяго,

Быццам маліцца:

 

— Маці-зямелька! Я веру, што ты

Бачыш і чуеш.

Нам у віры глухаты, слепаты

Многа даруеш.

 

Ты — і калыска, і наш радавод —

Корміш і поіш.

Ты нам і родзіш, і плодзіш штогод,

Годзіш і гоіш.

 

Помніш галечу дзяцінства майго?

Жахі маленства?

Ты атуліла, як маці, яго,

Як набажэнства.

 

Тая малітва і сёння ўва мне

Сэнс захавала.

Ты на пяшчотных далонях мяне

Грэла, люляла...

 

Раптам я чую — нібыта здаля,

Быццам бы з нетраў,

Шэптам травы адказала зямля,

Подыхам ветру:

 

— Чую я добрыя словы твае,

Голас ласкавы...

Добрыя словы, але нестае

Добрае справы.

 

Хоць і псаваў мяне тысячы год

Розны народзе —

Большасць прынесла мне шкод і нягод

Ваша стагоддзе.

 

Хімія, атам —

бягуць з-пад замкоў

Наперагонкі,

Быццам бы людзі не прагнуць вякоў,

А аднадзёнкі.

 

Быццам бы людзі...

He вытрымаў я:

— Боская маці,

Злітуйся!.. Досыць, зямелька мая,

Сэрца мне рваці!

 

Сціхні, зямелька! Душу маю рвеш —

Цяжка мне чуці...

Сонца ўзышло... He раса на траве —

Кропелькі ртуці.

 

Чорная хмара з Чарнобля паўзе —

Богу маліся.

Хімію, цэзій ядзім па чарзе —

Во дажыліся...

 

*

Хутка ляціць ашалелы наш час,

Коціць штодзённа...

Неяк прыехала ў вёску да нас

Шышка з раёна.

 

Хворы, і кволы, і самы стары

Скінуў задышку,

Каб абступіць на калгасным двары

Гэтую шышку.

 

— Дзе нашы пенсіі?

— Лекаў няма!

— Хлеб не завозяць!

— Грошы не плоцяць!

— Працуем дарма!

— Дачнікі шкодзяць!

 

— Зноў на гарэлку паднялі цану!

— Хутка нам — крышка!..

Словы, нібыта гарох у сцяну,

Біліся ў шышку.

 

З горыччу глянуў ён зверху уніз

І — у машыну.

Спрытна, як быццам кусаў яго гіз,

Хуценька згінуў.

 

Ці не пачуў ён, ці не зразумеў —

Бліснулі колы.

Доўга яшчэ сам з сабою шумеў

Хворы і кволы.

 

Конь зразумеў, нават ён даў адказ —

Конь і зямліца,

А кіраўнік... не пачуў сёння нас —

Пыл аж клубіцца.

 

Атам — убок! Мы заместа яго

Крыўду глыталі.

Можа, таму, што адзін аднаго

Чуць перасталі?

 

Многа пытанняў, вялізны клубок —

Перапляліся.

Што мы ні робім — вылазіць праз бок —

Во дажыліся.

1989


1989

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.