epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

«Боцман»

Ў юнацтве, Міша Анішчук,

Бяднота, якіх процьма,

Між падшыванцаў — мой сябрук,

Займеў мянушку «боцман».

 

Чаму? За што такі «пасаг»

У вёсачцы бязводнай?

Ды нёс нас акіян-абсяг

Зямліцы нашай роднай.

 

І часта пеніўся туман

Між хваляў-краявідаў.

Жыцця ж бязмежны акіян

Па свеце нас раскідаў.

 

Дзе хто?

Дзе тая?

А дзе той?

Дзень — штыль, а дзень — цунамі.

Дзе «боцман» кінуў якар свой?..

Штармяць гады між намі.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.