epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Богаўгодна

Каб падскочыць,

Адштурхнуцца трэба,

Хай сабе й не даляціш

Да неба,

А ў паветры будзеш

хоць імгненне,

Зведаеш, адкуль яно,

Натхненне.

 

Каб падскочыць...

Можна пнуцца й пнуцца,

Ад пустога

Век не адштурхнуцца,

Не ўзляцець з пустога

Ні на ёту,

Вельмі шмат патрэбна

Для узлёту.

 

Сэрцам трэба быць

Ў бацкоўскай хаце,

Трэба помніць

калыханку маці

І любіць

Свой родны кут адзіны,

Не ўяўляць сусвету

Без Радзімы.

 

І яшчэ —

Для ўзлёту неабходна

Жыць духоўна,

Светла,

Богаўгодна,

І дзяліцца ад душы

З усімі

Творчымі здабыткамі

Сваімі.

 

Да ўсяго —

Дадам яшчэ умову:

Родную ў палёт

Бярыце мову,

Каб уславіць ёю

Край наш мілы,

А інакш —

Душы аслабнуць крылы.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.