epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Боль

З давён-даўна, з няпамятных часоў, жыве на зямлі Боль. Звычайны Боль, з якім і сёння амаль кожны чалавек ва ўсім свеце блізка знаёмы.

О, як было б добра не сустракаць яго, не ведаць і ўвогуле забыцца, што ён існуе.

Але Радасць, Гора, Шчасце і, ліха яго бяры, Боль — нашы спадарожнікі. Як і Любоў да ўсяго добрага на гэтым свеце, і Каханне да кагосьці адзінага ў жыцці.

Так мы і крочым па лёсе, часам, забываючыся на гэтых спадарожнікаў, але яны не проста няўхільна побач з намі і перыядычна напамінаюць пра сябе, яны — у нас, яны — частка нас.

Вось і Боль туляецца між людзей і, бадай, часцей за ўсіх, непакоіць нас.

Пастукаўся ён некалі ў адну хатку і на пытанне: «Хто там?», адказаў:

— Я — Боль. Пусціце пераначаваць. Ноч на падыходзе, дождж лье, як вада з вядра праз рэшата.

Гаспадар запярэчыў:

— Толькі цябе і не хапала! Такога госця, як ты, ніхто не чакае і ў хату не пускае. Ды і дзяцей у нас поўная хата, самі спім шчыльна, яе снапы на возе.

Але адзін хлопчык-падлетак пашкадаваў Боль:

— Тата, можа, пусцім яго да раніцы...

— Што ты, Яначка! Ці ж ты не чуў, што гэта — Боль? Асцерагайся яго!

Боль звярнуўся да Янкі:

— Добры хлопчык! Я ўвогуле не займаю месца, мне трэба толькі ваш дазвол зайсці. Я магу пераначаваць нават у тваёй душы. Гэта так цікава! Хочаш паспытаць?

Не паспеў гаспадар і рот раскрыць, каб прагнаць Боль, як Янка жартаўліва даў згоду:

— Калі ты такі спрытны, калі ласка, у маю душу.

Пачулася задаволенае:

— Оп-ля! Я ўжо тут! Дабранач!

Гаспадар бразнуў дзвярмі, зачыніў іх на клямку і, паколькі Боль нябачны, вырашыў, што ён застаўся на дварэ. Тое ж падумаў і Янка.

Загасіўшы лямпу, усе леглі спаць.

Раніцай, паснедаўшы, Янка адчуў, дагэтуль невядомае ўнутранае ўсхваляванне. Яго штосьці непакоіла, пазбаўляла прывычнага пакою і бесклапотнасці. Ён нібы другімі вачыма паглядзеў на людзей, на жыццё вакол, і ўбачыў, раней не бачанае. Дакладней, бачанае, але не зважанае ім. Ён заўважыў паншчыну і парабшчыну, прыгон і несправядлівасць, калі тыя, хто ад цямна да цямна працуюць — жывуць у галечы і голадзе, а тыя, на каго яны батрачаць — бавяць час у гультайстве і раскошы.

— Што здарылася? Што са мной адбываецца? — усклікнуў Янка.— Што мяне непакоіць?

— Гэта я! — пачуў ён.

— Хто ты? І дзе ты? — спытаў усхваляваны хлопчык.

— Я — Боль! Я ў табе, у тваёй душы. Ты пусціў мяне пераначаваць і цяпер я — Боль тваёй душы.

— Боль маёй душы? — спалохаўся Янка.— Атрымліваецца, што я хворы?

— Не, Яначка! Хворыя тыя, у каго душа не баліць, хто не бачыць і не адчувае чужога гора, хто не ведае: ёсць у яго душа ці не. Праз мяне, праз Боль тваёй душы, табе адкрыліся вочы на неўладкаваны і жорсткі свет. Прыз мяне ты хутка ўсвядоміш сваё прызначэнне і будзеш праз свае творы і песняром, і змагаром за лепшую долю Беларусі.

— Дык я першы, у кім ты пасяліўся, каго ты абудзіў? — схамянуўся Янка.

— Не, Яначка! Я наведваю душы многіх людзей, ды не ўсе адгукаюцца на мяне, а, магчыма, і не жадаюць звяртаць увагі на Боль сваёй душы. Так ім жыць значна лягчэй. Але ўсё ж свет рухаецца наперад дзякуючы тым, чые душы прымаюць мяне.

— А хто адгукнуўся табе да мяне?

— Да цябе? Вельмі многа,— адказваў Боль.— Напрыклад, адгукнуліся калісьці творамі і сваёй грамадзянскай дзейнасцю Вінцэнт Дунін-Марцынкевіч, Ян Чачот, Ян Баршчэўскі, а яшчэ былі такія славутыя асобы як Адам Міцкевіч і Уладзіслаў Сыракомля.

Іх лічаць польскімі пісьменнікамі, але яны беларускага паходжання. Той жа Міцкевіч, нарадзіўся ў Навагрудку і ганарыўся заўсёды тым, што яго лірыка і эпас грунтуюцца на беларускасці, якую ён насіў у сваім сэрцы па жыцці. Сваё любімае возера Свіцязь ён рамантычна ўяўляў толькі з русалкамі на беразе.

Сыракомля вельмі добра ведаў беларускі сялянскі побыт, быў адданы яму душой і ў сваіх творах з любоўю апяваў жыццё вяскоўцаў. І ўвогуле, яго паэтычныя творы прасякнуты духам Беларусі.

Янка, як зачараваны, слухаў расповед Болю, цяпер ужо — Боль сваёй душы. А той працягваў размову з юнаком:

— Ты, Яначка, пачуеш яшчэ шмат славутых імёнаў твайго часу, якія загучаць на ніве адраджэння Беларусі — і Максіма, і Якуба, і многіх іншых.

— А як адбывалася? — насцярожыўся Янка.— Ты наведваў душы згаданых асоб, а затым пераходзіў у іншыя? Ты іх пакідаў пры жыцці? Душа ж без цябе перастае балець. Так?

— Не, Яначка, не так! Мне дастаткова абудзіць душу чалавека і яна застаецца «жывой» назаўсёды. Ты, аднойчы гукнуўшы мяне, не засмучайся, не пачуўшы майго адказу. Табе адгукнецца твая душа...

І ўспрымаў з тае пары Янка жыццё сваім чулым сэрцам, і прапускаў праз сваю абуджаную душу падзеі свайго часу і лёсы сучаснікаў.

І нараджаліся з-пад яго пяра творы, поўныя душэўнага Болю і непахіснай Веры ў светлую будучыню.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.