epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Боль дзірванны

Сярод палёў, бароў

Дзічэе боль дзірванны.

Тут безліч хутароў

Навечна зруйнаваных.

 

Даўно гэта было,

Пад «бальшавіцкім дахам».

Заможнае жытло

Пайшло на згубу — прам.

 

Усё пайшло на злом.

А той, хто побыт ладзіў

Гарбом і мазалём,

Той лішні стаў уладзе.

 

Кавалачак зямлі,

Пад горкім потам соткі —

І дбалі, і жылі

Там нашых продкаў продкі.

 

Сярод палёў, бароў

Вісіць туга сляпая.

Заможных хутароў

Нам сёння не хапае.

 

Нашчадак! Зазірні

Ў мінулы час далёкі.

Твае там карані,

Твайго жыцця вытокі.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.