epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Брак

Пытаннем я жарэбны

І не знайду адказ —

Бог столькі непатрэбных

Пусціў пад сонца нас.

 

Мы рознага ўсе кошту

І знешне, й па нутры.

Жук з жабай тут навошта,

Ў святым жыцці-віры?

 

Каб неяк знуліць тлумны,

Ўвесь гэты кавардак,

Няхай бы Бог разумны

Зрабіў, напрыклад, так:

 

Вось уваход адзіны

Ў Жыццё — на ўсе гады.

Адзінай каляіны

Для ўсіх няма сюды.

 

Вакол натоўп народу,

Прыйшлі усе, хто мог.

І тут жа, ля ўваходу

Людзей стваральнік, Бог.

 

Ён ведае дакладна

З нас кожнага наскрозь,

Таму талкова й складна

Ацэніць, хто мы ёсць.

 

— Вось гэты будзе годна

Жыцця свой несці крыж,

Яму — ўваход свабодны,

А ты? Ты — грахаводны,

Ад уваходу — кыш!

 

Бог прыгажуню міла

Ўпусціў: — Заходзь, усцеш.

— А ты, свіное рыла,

Куды такая прэш?

 

Тут нехта шэптам Богу

У вуха мімаходзь:

— Я ад... А. Л. самога...

Бог прашаптаў: — Праходзь!

 

Бог з некім — памяркоўна,

Камусьці строга: — Не!

«Вой, як было б цудоўна!» —

Так марылася мне.

 

І не было б гамонкі,

Каб разбураць сям’ю.

Кахаў бы кожны жонку

Адну толькі — сваю.

 

Не беглі б жонкі з хаты

У блуд без задніх ног,

І не было б рагатых —

Усіх Бог засцярог.

 

Ніхто б не еў вантробы

Шчыруй сабе, жыві.

Ні войнаў не было бы,

Ні злыдняў, ні крыві.

 

Дык шмат жа засталося

Ля уваходу тых,

Каму не удалося

Прайсці дзвярэй святых.

 

Як з тымі разабрацца,

Хто не прайшоў? А так —

Вядома, ў кожнай працы

Прысутнічае брак.

 

Трымайцеся за неба,

Супольнасць небарак.

А брак, каму ён трэба,

А раптам ён не брак?

 

Ў няпройдзеных, так званых,

Ёсць каляя свая.

Сярод забракаваных,

Хутчэй за ўсё, і я.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.