epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Браты

Мае браты... Заблытаная доля,

Блукаючыя ў змроку дзён плыты...

Любіў казаць старэйшы брат наш Коля

З душэўнай цеплынёй: — Мае браты!

 

І раптам — жах! Не стала брата Колі...

А потым — наляцеў і новы жах:

Нас размяло жыццё, як пух па полі,

Па нашых гнёздах, па сваіх вуглах.

 

Мае браты... Разладзілася нешта...

Разламываюцца нават спарышы.

Як глянеш — у руках пустая рэшта,

Хоць вельмі многа схована ў душы.

 

Няўжо цяплей сярод чужых — у свеце?

Што з намі? Закілзалі нас чаму?

Мы — кроў адна, адной матулі дзеці —

Не дай мне, Бог, застацца аднаму!


1980-1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.