epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Брудны сон

Ігнацій Швед быў розумам «няпоўны»,

І ўсё ж абраў дэвіз: «Я — з галавой!»

І сапраўды разбагацеў раптоўна,

Як ён шаптаў — праз хітры бізнес свой.

 

Ці так, ці гэтак, але ён з грашыма,

Не абмінуў ён, пэўна, крадзяжу.

Таму махнуў рукой: — Бывай, Радзіма!

І хуценька зматаўся за мяжу.

 

Там стала непакоіць штосьці Шведа —

Вядома ж, грошы муляць, як нарыў,

З’ядала й слава Нобеле Альфрэда,

Таму ён фонд свайго імя стварыў.

 

Сабраў савет з дарадцаў дылетантаў,

З мясцовых і такіх як сам «былых».

Вышукваў па ўсім свеце намінантаў,

Каб прэміяльна ашчаслівіць іх.

 

Амерыка для Шведа — як ікона,

Амерыка для Шведа — о-ё-ёй!

І ён шукаў старанна і натхнёна

Міралюбіўцу, міратворцу ў ёй.

 

І той, каго шукаў ён «днём са свечкай»,

Сябе паводзіў ветліва, цішком.

І выглядаў нявіннаю авечкай,

Хаця на справе быў ён воўк ваўком.

 

Кім толькі ён не быў на свеце гэтым,

З кінжалам за халявай «дэмакрат»?

І быў галаварэзам ён адпетым,

Наймітам быў, узброеным да пят.

 

Ён сеяў смерць, а думаў аб заробках,

За грошы ён — хоць галавой у вір.

Ён забіваў ва ўсіх гарачых кропках,

А Швед такому — прэмію за мір.

 

О, гэтыя загадкавыя душы,

У прыцемках падзей жывуць яны.

А Швед — ён задаволены па вушы —

Амерыку лізнуў ніжэй спіны.

 

«Цяпер і я вядомыя ва ўсім свеце!» —

Сябе употай цешыў думкай ён.

І на чарговым, на сваім савеце,

Працягваў самазванец-пустазвон.

 

— Так... З прэміяй за мір — усё ў ажуры,

Як кажуць, нос камар не падаткне.

Цяпер пярэйдзем да літаратуры,

Тут трэба паднапнуцца вам і мне.

 

Якія меркаванні, прапановы? —

Тут ціхенька азваўся хтось з журы:

— Вось Здольнік нам даслаў раман чарговы,

Магчыма, аўтар «Лысае Гары»?

 

З размахам напісаў, таленавіта,

Такія творы, як заўжды, ў цане...

— Не! Я не згодзен! Карта яго біта! —

Азваўся Швед.— Не па нутру ён мне!

 

Яго я ўзнагародзіць быў бы рады,

Ды бачу, азірнуўшыся назад —

Ён творыць і не брэша на улады,

Таму, які ён к чорту лаўрэат?

Тым больш, які той Здольнік дэмакрат?

 

Хай літаратар гэты нам даруе,

Бо творчасць не галоўнае для нас.

Палітыка і творчасцю кіруе,

І спортам, і людзьмі — такі ўжо час.

 

Таму давайце зробім новы захад,

Каб раптам не патрапіць у канфуз.

А каб не крыўдзіць уплывовы Захад,

Патрэбен англічанін ці француз.

 

Ці чорт, ці д’ябал, толькі б з дэмакратаў —

Хоць Джэк, хоць Жан — кульгавы ці крывы,

А мы яго піхнем да лаўрэатаў —

Хто плоціць грошы, у таго й правы...—

 

Падумаў Швед, затым спытаўся злосна:

— Хто «за»? Хто «супраць»? Устрымаўся хто?

Так і запішам: «за» — аднагалосна.

І аднадумства наша — на ўсе сто!

 

Што ж, вырашылі й гэтае пытанне.—

Тут Швед устаў: — І адпачыць пара.

Ад нас лаурэатам прывітанне

І прэміі грашовыя — ура!

 

* * *

Назаўтра разглядалі медыцыну,

Затым навуку й доследы яе.

Ды тут узнагародную карціну

Іх дылетанства не перапсуе.

 

Хоць Швед той — самазванец самародны,

Хоць Швед з грашыма — сумны анекдот,

Ды кожны навуковец прэмій годны,

І кожны доктар варты ўзнагарод.

 

А Шведу й бервяно не рэжа вока,

Не чырванее ён і ад маны.

А Швед і грошы — ад жыцця далёка,

Яшчэ далей ад ісціны яны.

 

* * *

Палітыка і творчасць — антыподы,

Палітык кожны пад сябе грабе.

Палітыка ўсюды і заўсёды —

«Глушэц», «дальтонік» — на карысць сабе.

 

Калі ёй трэба — чуе ўсё і бачыць,

Свайго не ўпусціць і не праміргне.

Няўгоднае па-свойму перайначыць

І творчасць праз калена перагне.

 

Палітыка — духоўнасць і на вілы

Падыме на шляху да ўласных мэт.

Палітыка на горла і на крылы

Духоўнасці наступіць — не сакрэт...

 

Ці быў той Швед, ці не было ніколі?..

Не!

Мне прысніўся гэты брудны сон.

Не бачыць бы яго мне больш ніколі,

Не чуць бы пра яго да скону дзён.

 

Я ў вёсачцы, на родным мне прычале,

Ў бацькоўскай хатцы напаслед пішу:

Як добра, што мяне не заўважалі,

Што ў гэтым сне мяне не вылучалі,

Інакш бы Швед запляміў мне душу.

Лістапад, 2015 г.


2015

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.