epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Будзем жыць

Мне немагчыма выкінуць былое

З душы, даўно якая стала ім.

У ім жывуць і родныя, і тое,

Што будзе лёсам назаўжды маім.

 

Я, без вагання, заяўляю смела —

Калі Бог спыніць шлях жыццёвы мой,

Калі душа пакіне маё цела,

Працягне жыць маё былое ў ёй.

 

Не, наш канец, не дамавіны века,

Не чорны змрок, не вечнасці тупік.

Ці ж для таго стварыў Бог чалавека,

Каб свет душы яго бясследна знік?

 

Мы будзем жыць, няхай не на Парнасе,

Няхай сабе не ў райскай вышыні,

Мы станем новым часам

Ў вечным часе,

Мы будзем жыць у кожным новым дні.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.