epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Букет

Не, немагчыма жыць на гэтым свеце

Без засмучэння і без перамен —

У кожным, самым найжывым букеце,

Затойваецца завядання тлен.

 

Затойванне — і ёсць наш вораг грозны,

Жыве шмат год нябачна і ўва мне.

Яго заўважыць можна, хоць і позна,

Заўважыць можна, а змагацца — не.

 

Стаіць букет, прыветна сустракае,

I цешыць свежым выглядам сваім.

Ды непрыкметна штосьці у ім знікае,

І штосьці з часам дадаецца ў ім.

 

А потым штосьці альбо хтосьці жорсткі

На прыгажосць кладзе чарговы штрых,

I ледзь прыкметна скручвае пялёсткі,

I сушыць лісце, і маршчыніць іх.

 

Стаіць букет і сохне адзінока —

Чароўнасці былой часовы госць.

Ды ўжо, другі букет прывабіў вока,

У росквіце другая прыгажосць!


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.