epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бульба на вячэру

Ах, што за раскоша —

бульба ў сагане,

Звараная ў грубцы

на агні адкрытым!

У руцэ гарэлік —

будзіць ён ўва мне

Успамін, калі

быў толькі бульбай сыты.

 

Я і сёння тое

з асалодай сню,

Я і сёння посны

успамін той тулю.

Бульба на вячэру —

вечнае «меню»,

Бульбінка з грыбамі,

бульбінка з цыбуляй.

 

Бульбінку пашанна

пасыпала соль,

А калі ж грыбкоў

з цыбулькаю не стала,

З бульбачкай і шчаўем

выжывала голь,

Толькі не заўсёды

бульбачкі хапала.

 

Я ў душы нашу

малечую пару

І яна мяне

не раз сагрэе — веру.

На здзіўленне жонкі,

часта гавару:

— Ты звары мне сёння

бульбу на вячэру.

 

Я ў душы хаваю

успамінаў боль,

Пэўна, перад жонкай

дзіўна выглядаю.

Я цішком мачаю

бульбінку у соль,

І з цыбулькай гэту

смакату з’ядаю.

 

І здаецца мне —

пераступіў мяжу,

І гляджу ў саган

з галоднымі братамі,

І нібыта я

ля вогнішча сяджу,

Гатаваць «меню»

дапамагаю маме.

 

Жончын смех вярнуў

мяне з тае пары:

— Што ж ты бульбу й соль?

Ці ж іншага тут мала?

Ты ж да бульбы масла,

каўбасу бяры,

Агурочкі вось,

падсмажанае сала.

 

Я жыву ў мінулым

памяццю святой,

Ці ж магу я есці

бульбу без падзякі?

Сёння перад ёю,

гэтай смакатой,

Нікнуць на стале

сучасныя прысмакі.

 

*

 

Ах, што за раскоша —

бульба ў сагане,

Звараная ў грубцы

на агні адкрытым!

У руцэ гарэлік —

будзіць ён ўва мне

Успамін, калі

быў толькі бульбай сыты.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.