epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бу'льбік

Дзед капаў бульбу, якая ў гэтым годзе не надта ўрадзілася. Баба чакала яго дома, каб зрабіць старому падарунак да свята — дня вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і насмажыць любімых дзедавых дранікаў.

Дзед і сам чакаў такога падарунку, таму рыдлёўка здавалася лёгкай, а зямля пульхнай.

А вось бульба ўпарцілася — трапляла па-большасці дробная, а з такой дранікі не зробіш.

— Эх, зямля выпрацавалася,— уздыхнуў стары,— таму бульба і не родзіць. Ды і кароўкі ў нас ужо няма, а без угнаення, якія могуць быць ураджаі? Трэба будзе наступным годам адсеяцца на новым месцы.

І дзед з няпоўным вядзерцам драбязы паклыпаў дахаты.

Старая сустрэла яго пытаннем:

— Дзе ты там забавіўся? Я ўжо і печ распаліла, і патэльню для дранікаў падрыхтавала.

— Не будзе дранікаў,— сумна адказаў стары,— Вось, адна драбяза, пальцы паздзіраеш яе церучы.— Але! — і дзедавы вочы засвяціліся вясёлымі агеньчыкамі,— Глянь, якая бульбіна патрапіла. Дзіва!

І стары дастаў з вядра вялікую, з дзіўнымі наросткамі з усіх бакоў бульбіну.

— Вось! Чалавечак ды і толькі! Вось рукі, тут ногі, а зверху галоўка. Век пражыў і такога дзіва не бачыў.

— І сапраўды дзіва! — весела адгукнулася старая,— Вось яе і пусцім на дранікі, а да яе дадзяру дробнай. Не быць жа табе ў такі дзень без падарунку.

Стары адхінуў ад жонкі дзівосны экземпляр:

— Ды ты што! Такую прыгажосць на дранікі! І без дранікаў дзень Вызвалення справім! Калі мы вызвалялі Беларусь, было не да дранікаў, і сёння абыдземся без іх.

І стары асцярожна паставіў мудрагелістую бульбяную загагуліну на паліцу.

— Вось тут ёй і месца!

— Тут дык тут,— пагадзілася старая,— я ж хацела як лепей. Мне яна таксама падабаецца.

І селі дзед з бабай снедаць без дранікаў, чым Бог паслаў.

Трэба сказаць, што ў старых не было дзяцей, магчыма таму яны з такой далікатнасцю і цеплынёй аднесліся да звычайнай бульбіны, якая сабой нагадвала маленькае дзіцятка. Ім здавалася, што цяпер, з бульбінкай на паліцы, у хаце пасвятлела і зрабілася больш утульна.

Наступнай раніцай, як заўсёды, перакрысціўшыся і сеўшы за стол, каб снедаць, старыя, як па камандзе, спалохана ўскочылі.

— А дзе бульбінка? Ты яе ўзяла? — насядаў на старую дзед.— Яна табе што, замінала?

Старая шчыра адмахнулася:

— Ды пабойся ты Бога, стары! Я думала, ты яе перахаваў.

Дзед схапіўся за галаву:

— Напэўна пац ці мышы збяёдвалі нашу бульбінку. Ай, шкада! Дзе ж яе шукаць?!

— Ды тут я! Тут! — Ці падалося старым, ці сапраўды пачулася аднекуль з-за стала.

— Ты гэта сказала? — спалохана спытаўся дзед.

— Не... — гэтак жа спалохана адказала баба,— Я думала, што ты жартуеш.

— Гэта не жарты. Я тут! — цяпер ужо больш выразліва пачулі старыя і нахіліліся за рог стала, адкуль чуўся нечы голас.

Старыя ў здзіўленні раскрылі раты. На крайчыку лавы сядзела іх бульбінка.

Першым апрытомнеў дзед.

— Хто сказаў «я тут»?

— Я сказаў, я тут! — весела адказала бульбінка і пацвердзіла: — Вы ж бачыце, я тут!

Цяпер ужо і да старой вярнулася мова.

— А хто ты?.. Ой, што я старая-дурная пытаюся?

Дзед спахапіўся:

— Ды кінь ты свае роспыты! Сняданак стыне. Давай мы што-небудзь прыладзім, каб табе было вышэй,— і дзед паставіў на лаву скрынку, на якую пасадзіў бліжэй да самага стала нечаканага снядальшчыка.

Баба рупліва падсунула да бульбінкі маленькія сподачкі.

— Вось кашка, вось малачко. Добра, што ў суседзяў учора купілі. Еш на здароўечка!

— Дзякуй, бабуля, дзякуй, дзядуля! — адказала бульбінка,— Я, калі вы не супраць, буду у вас жыць.

— Жыві, родненькая! — у адзін голас усклікнулі старыя,— Месца ж хапае, ды і нам весялей будзе. Але, як нам цябе зваць? Як звычайна бульбінку завуць? Мы не ведаем.

— Я хлопчык! Я Бýльбік! — так мяне і завіце.

 

*

І пачаў жыць Бульбік з дзедам і бабай. Ён настолькі быў ім удзячны за тое, што яго не пусцілі на дранікі, што ўвесь час думаў, што б такое карыснае зрабіць для старых, чым бы ўсцешыць іх старасць.

Перш-наперш ён употай, каб яго не бачылі дзед з бабай, пабег туды, дзе нарадзіўся — на бульбянае поле.

Перабягаючы з баразны ў баразну, Бульбік прыгаворваў, звяртаючыся да сваіх братоў і сясцёр:

 

      Расціце, круглейце,

      Не спіце, таўсцейце.

 

Калі ж пачалі выбіраць бульбу, баба не магла надзівіцца, дзед не мог нацешыцца — бульба была адна ў адну, вялікая, круглая, прывабная воку.

— Глянь, што за цуд! — захапляўся дзед, насыпаючы поўныя мяхі.— Я ж, памятаеш, капаў не так даўно яе на дранікі, а выкапваў адны арэхі, а тут любата. За сваё жыццё такога ўраджаю на сваіх сотках не бачыў. Во ад’ядзімся дранікамі!

Баба лагодзіла дзеду:

— Грэх будзе не ад’есціся. Але дзе ж мы яе, бульбачку, падзенем? Мы ж яе не з’ядзім.

Дзед пахваляўся:

— Гэта, дзякуючы мне бульба вымахала па кулаку. Я пад дожджык лішні раз абагнаў яе, вось яна і аддзячыла мне.

Баба не ўтрымалася:

— Ды не табе дзякуючы, а мне. Я не разгінала спіны палола яе і ўзрушвала, вось мне яна і аддзячыла.

Бульбік, які ўвесь час завіхаўся ля ног старых, быў таксама ўзрушаны і шчаслівы. Не хацеў ён раскрываць свайго сакрэту — няхай старыя цешацца, бо і яны выказвалі сваёй працай пашану бульбе.

Дзед, насыпаючы чарговы мяшок, паўтарыў бабава пытанне:

— І сапраўды, дзе мы яе дзенем? Яе ж, хоць у тры горлы еш, не з’ясі.

Тут Бульбік не стрымаўся:

— А мы, прададзім лішкі, дзядуля, бабуля. А за грошы купім што-небудзь смачненькае.

— Ай ды разумнік! — пляснула рукамі баба,— Купім, Бульбічак, і сабе што-небудзь, і табе, што пажадаеш.

Калі ж восенню дзед ускінуў мяшкі з бульбай на воз, каб ехаць на базар, Бульбік папрасіўся:

— Вазьмі, дзед і мяне на базар. Па-першае, я там ні разу не быў, а па-другое, я буду табе дапамагаць прадаваць бульбу.

Дзед зірнуў на бабу.

— Узяць яго ці што?

Баба адказала з неахвотай:

— Не ведаю... Вазьмі, але ж не пасей яго па дарозе ці на базары. Людзей там процьма, а ён маленькі такі. Ды і на цябе мала спадзеўкі — разява.

Стары на «разяву» не звярнуў увагі, а быў задаволены, што хоць так атрымаў дазвол.

Ён запрог каня, пасадзіў сабе на калені Бульбіка і тузануў за лейцы. Конік паволі крануўся з месца і праз нейкі час стары са сваім памагатым былі на базары.

Бульбік, вядома ж, дзівіўся:

— А колькі людзей тут, дзядуля! А колькі машын! А якія вялікія дамы!

Дзед дзівіўся па-свойму, абураючыся:

— Што людзі, што мне машыны?. А вось колькі тут бульбы! Панавезлі, ліха на іх дасціпнасць.

Бульбік зноў дзівіцца:

— А што, дзядуля, дрэннае ў тым, што шмат бульбы панавезлі?

— А тое, Бульбічак,— сумна адказаў дзед,— што прадаць нам сваю будзе складана. Баюся, што прыйдзецца везці дамоў.

— Не прыйдзецца! — запаліўся Бульбік.— Пасадзі мяне на вось гэты, самы высокі мяшок, каб мяне ўсе бачылі.

Дзед выканаў просьбу свайго памагатага.

— А што далей?

— А далей слухай, дзядуля! — і Бульбік тоненькім галасочкам пачаў спяваць-зазываць:

      Людзі добрыя, увага!

      Я і дзед да вас з павагай.

      Бульба смачная у дзеда,

      Для сняданка, для абеда,

      Вось вядро — на ім вяршок,

      Кал ласка — вось мяшок.

      Тут і пяць, нарэшце —

      На здароўе ешце!

 

Такога дзіва ніхто ніколі не бачыў і не чуў. Ды і сам дзед раскрыў рот да вушэй ад здзіўлення. Пачалі збірацца людзі. Нават тыя, хто не збіраўся купляць бульбу, куплялі яе.

Дзедавы пяць мяшкоў «размялі» за паўгадзіны. І што цікава — на грошы не скупіліся, настолькі быў незвычайны гандляр.

Адзін мужчына запытаў у дзеда:

— Колькі хочаш за гэтага... як яго?

— Гэта Бульбік! — адказаў дзед.

— Ды колькі заплаціць за твайго Бульбіка? Любыя грошы плачу.

Дзед адмахнуўся:

— Не, мілы чалавек! Ён у нас з бабай заместа ўнучка. Мы — адна сям’я.

Але, акрамя гэтага дасціпнага незнаёмца быў на базары яшчэ большы дасціпнік.

Ён падыйшоў да дзеда.

Стары не даў яму раскрыць рот:

— Не прадаецца ён! Бульбік — наш з бабай унучак. Выбачайце.

Незнаёмец усміхнуўся:

— Ды я ўжо чуў, як вы адмовілі папярэдняму чалавеку. Я не купляць, я другое хачу з вамі абталкаваць.

Дзед з недаверам выдыхнуў:

— Слухаю...

Я, шаноўны дзед, працую ў міністэрстве сельскай гаспадаркі.

— Ого! — не стрымаўся дзед.

Незнаёмец працягваў:

— Гэтай восенню ад нас, з Беларусі, адпраўляецца вялікая колькасць бульбы ў Маскву на міжнародную сельскагаспадарчую ярмарку. Канкурэнтаў будзе шмат. І з той жа Расіі, і з Галандыі, і з Польшчы, і... Усіх не пералічыць. Не маглі б вы нам пазычыць вашага Бульбіка...

Дзед не даў дагаварыць незнаёмцу:

— Ні за што! Вам пазыч, а потым шукай, свішчы. Ён такі маленькі, далікатны, за ім патрэбен дагляд, як за дзіцём. Карацей — не!

— Тады другая прапанова.— Не адступаў незнаёмец,— Давайце мы вас, шаноўны дзед, афіцыйна ўключым у склад дэлегацыі. Вы пабудзеце ў Маскве, будзеце ўвесь час пры вашым, прабачце — пры нашым Бульбіку, і няхай ён там, на ярмарцы падцярэ насы замежным канкурэнтам. Ну, як?

Стары задумаўся.

— Я дык ў Маскве не разу не быў... Што ж, калі я пры Бульбіку, а ён пры мне, чаму б не з’ездзіць у Маскву? Па руках!

 

*

І вось яна, Масква! І вось яна, міжнародная ярмарка!

Тут ужо не толькі Бульбік, але і дзед не мог надзівіцца. Ад людзей, ад рознакаляровых павільёнаў стракаціла ў вачах.

Усюды крыкі, зазывалы, рэклама. Усе хацелі збыць сваю прадукцыю, а галоўнае, зрабіць гучную рэкламу сваім фірмам, сваім дзяржавам.

Дзед, апрануты ў нацыянальны беларускі касцюм, выглядаў даволі маладцавата і ўсхвалявана. І хвалявацца было ад чаго. Гэта не той мясцовы базар, дзе на дзедавым возе ляжалі пяць мяшкоў бульбы. Тут — цэлы беларускі павільён з рознымі відамі сельскагаспадарчай прадукцыі. Ды ўсё прыгожае, ды ўсё якаснае.

Але ж і ў суседніх, і ва ўсіх павільёнах прыгажосць і якасць. Як тут усіх абскакаць?

Тут стары, бярэ Бульбіка, умацоўвае яго высока перад уваходам у павільён, а сам становіцца побач.

— Пачынай, Бульбічак! — просіць ён.

І Бульбік пачаў спяваць-зазываць:

Купляйце беларускае, яно

      Вядомае усюды і даўно.

      І малачка, і мяса,

      Гародніна ўся наша.

      І печыва, і беларускі квас,

      І лепшая у свеце

      Бульбачка у нас.

Што пачало рабіцца!

Слых аб тым, што беларуская звычайная... не, незвычайная бульбіна нахвальвае лепшую ў свеце беларускую бульбу і ўсё астатняе, імгненна разляцеўся па ўсёй міжнароднай ярмарцы.

За першы дзень усё беларускае было раскуплена. Прыйшлося тэрмінова даводзіць увесь асартымент прадукцыі.

Дзеду зноў жа прапаноўвалі, цяпер ужо замяжоўцы, за Бульбіка і долары, і еўра, але дзед стаяў на сваім:

— Мы з Бульбікам — адна сям’я.

Старога са сваім, як ён казаў, унукам, з пашанай адвезлі дамоў, пакінуўшы, у якасці падарунка, нацыянальны беларускі касцюм і выказалі шчырую падзяку.

На жаль, вёска, у якой жывуць дзед з бабай і Бульбік не захавалася ў памяці.

Але з тае пары, у Маскве ды і ва ўсёй Расіі, з задавальненнем купляюць ўсё беларускае, асабліва бульбачку.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 7. Вершы. Паэмы. Апавяданні. Казкі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 408 с.