epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Быць-не быць...

Я, як Гамлет, варажу-гадаю:

Быць-не быць... І быць якім я б мог?

Лепшым з лепшых быць я не жадаю —

Лепшых рана забірае Бог.

 

Быць сярэднім — месца залатое,

Хтосьці ў грудзі, ў плечы падпіхне.

Серадняк — ні сёе і ні тое...

Не! І гэта роля не па мне!

 

У канцы ранжыру месца досыць,

Там жыццё прыцішана смыліць.

У «хвасце» ніхто не пазайзросціць,

У хвасце няма чаго дзяліць.

 

Што рабіць? Адкуль пачаў, вярнуцца?

(О, мая святая прастата!)

Але тут ад тых не прапіхнуцца,

Хто ні дня ні быў вышэй «хваста»

.

Быць альбо не быць... Пара пазбавіць

Ад пустых пытанняў галаву.

Спадзяюся, час усё расставіць,

А таму — як жыў, так і жыву.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.