epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Было — будзе — ёсць

Душы і сэрцу думкі тлумяць

Пра ўсё былое, як назло.

А мне так хочацца не думаць

Пра тое, што жыццё было.

 

Было...

Якое гэта слова,

Без сёння, без надзей, без мар,

Без нас — нібыта выпадкова

Прамень прабліснуў паміж хмар.

 

Ён быў ці не, ці падалося?

«Было»... Было яно ці не?

Усё, што будзе ў нашым лёсе,

Усё ідзе ў «было», міне.

 

Не даспадобы й слова «будзе»

Калі у ім не будзе нас.

Дык што, святое правасуддзе,

Які ж нам даспадобы час?

 

Жыццё Гасподзь нам ахвяруе

У словах двух — часовы госць.

Якое ж слова абяру я?

Было ці будзе?

Лепей — ёсць!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 11. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2019. - 452 с.