epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Было спачатку слова

Занудны дождж злізаў з наўколля пыл,

Прастору неба ўсю абклаў, навіснуў.

І хочацца разбухлы небасхіл

Падперці, каб на галаву не ціснуў.

 

Адкуль наслаў слату такую Бог?

Імжачына вісіць другія суткі.

Цяпер і кот не ступіць за парог,

Ды і сабака нос не выткне з будкі.

 

Сабаку пашкадую і ката,

Бадзянне й голад — кепскія дарункі.

Я сам пайду — прымі мяне, слата,

Такім дажджом глыбей віруюць думкі.

 

Я ў далеч невідучую нырну

І за імжастым покрывам растану.

Магчыма, там спасцігну глыбіню

І шчырасці, і нізкага падману.

 

Няхай імжыць, няхай мацней ліне,

Спазніўся дождж — было спачатку слова.

А безгалоўе паспрыяе мне

Жыццё асэнсаваць усебакова.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.