epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Былыя заслугі

Былыя заслугі,

як хмель пасля тоста,

Як гіры на крылах

Далейшага ўзлёту,

Як анестэзія

для творчага росту,

Як антынапруга

да сёмага поту.

 

О, гэтыя нашы

былыя заслугі!

Узносяць, ухваляць,

прыспяць нас пяшчотна,

А потым ужо,

без духоўнай падпругі,

Не творыцца жыва,

жывецца лянотна.

 

Ды не! — хтосьці скажа,—

Каму што па густу:

Адным, ад духоўнасці,

створанай Богам,

Былыя заслугі

адрэзалі лусту,

І болей — ні кроку,

сцяна за парогам.

 

А іншых — былыя заслугі

Валтузяць,

У іх самалюбства,

у гонар іх джаляць,

І новых заслуг

далягляды не вузяць,

А шыраць і высяць,

і клічуць у далеч.

 

Жыццё чалавецтва —

не без перакосаў,

Не без незаслужана

ўросшых ва ўладу.

Чым больш будзе ў свеце

заслужаных лёсаў,

Тым больш будзе ў свеце

агульнага ладу.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 8. Вершы. Паэмы. Гумарэскі. Байкі. Апавяданні / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2017. - 511 с.