epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Быў — ёсць — будзе...

Я адыходжу, зачыняю дзверы,

І ўсё, што за душой — ідзе са мной.

Наперадзе — халодныя ашчэры

І сум не менш халодны за спіной.

 

Я адыходжу дзень за днём — няспешна,

Падводзіць вынік спраў маіх — не мне,

Бо я б абагульніў да болю смешна

І коратка, як надпіс на сцяне.

 

У слове «быў» — прысуд і сэнс фатальны,

He дужа лепшы сэнс у слове «ёсць».

У першым слове — надпіс памінальны,

Чытай другое — як «часовы госць».

 

І толькі ў слове «будзе» — таямніца,

Бо ёсць надзея, што разумны час

Дазволіць бессмяротным нарадзіцца,

Шчасліўцам, лепшым за часовых нас.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.