epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Быў час...

Я маладым быў,

Сэрцам чэрпаў

З жыцця натхненне —

дні, гады.

І мноства мараў,

безліч мэтаў

Ажыццяўляліся тады.

 

Што б ні рабіў —

было ўсё мала,

Што б ні пісаў —

браў з сэрца слоў.

Тады яго перапаўняла

Надзея,

Вера

І любоў.

 

Жыцця майго

быў рытм шалёны,

Імчаў мяне,

Як вецер-конь

І я, каханнем блаславёны,

Гатовы быў хоць у агонь.

 

Мой лёс імчаў

няспынным лётам

Насустрач вёснам маладым.

Спачатку крок —

развагі потым,

Учынак — а адказ затым.

 

І не шукаў я

гладкіх, роўных,

Ужо пракладзеных дарог.

Быў час

Адчайных і чароўных

Памылак,

Гульняў,

Перамог.

 

А сёння —

Чэрпаць дзе натхненне?

А калі нават ёсць дзе —

Чым?

Бо ў сэрцы — прыцемак, зацьменне,

Й паўнютка-поўна

Суму ў ім.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.