epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бывай...

— Бывай, мой дом,— сказаў стары,—

Бывайце, пушчы і бары,

І неба, й сонца каравай! —

І адказалі ўсе: — Бывай!

 

— Бывай, каса, сячкарня, плуг,

Бывайце, рэчка, руні, луг.

Я з вамі шчыраваў не раз...—

— Бывай! — пачулася ў адказ.

 

— Цяпер і ты бывай, ралля,

Бывай, карміцелька-зямля.

Ў тябе і слёзы, й поце мой.—

Зямля усклікнула: — Пастой!

Ляціць «бывай» да ўсіх тады,

Калі знікаеш назаўжды,

Калі ідзеш з жыцця міжволі

І ўжо не вернешся ніколі.

 

Мяне ж тваё «бывай» міне,

Бо сам ідзеш ты да мяне.

І ўсе бясконцыя гады

Са мною будзеш — назаўжды,

Як продкаў незлічоных хвалі,

Якіх стагоддзямі хавалі

На вечны, непрабудны сон,

Ўва мне іх не адзін мільён.

 

Дзед уздыхнуў: — Я між людзьмі

Аджыў, таму й мяне прымі...

І ад жыццёвага цяпла

Зямелька дзеда прыняла.


2007-2016

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.