epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Бываюць словы...

Бываюць словы, як туман,

За імі аўтара не бачна.

Ці бачыцца двухтвары Ян,

Ці ў словах сэнс неадназначны.

 

Ёсць словы, як пусты арэх,

Сарваў, але не варта грызці.

Ёсць словы, як дзіравы мех —

Ні сэнсу ў іх і ні карысці.

 

Ёсць колкія, нібы асцё,

Ёсць словы вострыя, як брытва.

Ёсць важкія, нібы жыццё,

Як ачышчальная малітва.

 

Ёсць словы...

Не, за імі мы —

Пачуццяў розных, думак гама.

Ляцяць з нас словы, як з турмы —

Злачынцы...

Ці Анёлы з Храма.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 10. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 432 с.