epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чацвёртая вайна дзеда Кузьмы

Тэма партызанскай барацьбы на тэрыторыі Беларусі — вечная тэма. Таму нічога дзіўнага, што чарговы рэжысёр чарговы раз вырашыў па-свойму раскрыць у кінастужцы лепшыя рысы беларускага народа ў трагічныя гады змагання з ворагам.

Сцэнарый быў выдатны, акцёры — вядомыя, засталося толькі адшукаць адпаведную тэме натуру — характэрную беларускую глыбінку, не стоптаную і не заезджаную. Шукаў сам рэжысёр з сцэнарыстам і аператарам. Шукаў прыдзірыста і доўга. Нарэшце натрапілі ў непралазнай глухамані на вёсачку з паэтычнай назвай Лань. Вёсачка настолькі захавала сваю першабытнасць, настолькі была адарваная ад элементарнай сучаснасці, што кіншчыкі пляснулі ў далоні:

— Вось гэта нам і трэба!

Мясцовыя жыхары патлумачылі рэжысёру, што і бліжэйшыя населеныя пункты жывуць без электрасвятла і радыё. І не таму, што пра іх тут забыліся, а самі мясцовыя жыхары вырашылі як мага надалей захаваць «востраў першароднай чысціні». Вяскоўцы гэтым ганарыліся і жартавалі:

— Менш ведаеш — больш пражывеш!

І жылі яны, трэба сказаць, не дрэнна. Пра кіно не толькі наслуханыя, але і нагледжаныя, бо калі-нікалі прывозілі сюды кінафільмы і круцілі праз кінаперасоўку.

Ідэя рэжысёра зняць тут новы фільм вяскоўцам спадабалася, і яны горача прапаноўвалі свае паслугі.

І вось пачаліся здымкі. Усё ішло гладка і, як кажуць, штатна, але раптам высветлілася, што адзін з галоўных эпізодаў не ўзгаднілі з акцёрамі, задзейнічанымі ў ім. А не ўзгаднілі таму, што яны прыехалі на здымкі позна — з карабля на баль.

А ў той групе акцёраў галоўную ролю выконваў народны артыст — кіназорка. Паводле сцэнарыя, кіназорка выконвала ролю нямецкага генерала, а астатнія акцёры — нямецкіх салдат і малодшых афіцэраў. Ім належала прайсці нябачнай сцяжынай па непралазным гушчары, а ўжо пазней, у другім эпізодзе, яны трапяць на партызанскую засаду... А пакуль, да партызанскай засады, акцёры не ведалі маршруту.

Вось тут і спатрэбілася паслуга мясцовых жыхароў. Трэба было некаму правесці акцёраў па гэтай патаемнай сцяжыне ў адзін канец, «ухаластую», а ўжо адтуль яны будуць ісці самастойна міма аператара, які будзе сядзець даволі высока і зверху здымаць панараму велічных беларускіх лясоў і сярод іх — кволы атрад чужынцаў.

Да таго зыходнага пункта весці акцёраў падахвоціўся дзед Пракоп, які мог з завязанымі вачыма хадзіць па непралазных лясах, бо тут прайшло ўсё яго жыццё.

Дзед Пракоп, як і належыць павадыру, ішоў наперадзе, за ім — астатнія ў форме нямецкага вермахта. Ішлі з перадыхамі, бо дзед Пракоп сваё адхадзіў і цяпер прыкладаў усе намаганні, каб дзеля святой справы перасоўваць ногі.

Якраз па гэтым самым лесе вяртаўся з палявання Васіль Дыбун, які жыў у другой адарванай ад цывілізацыі вёсцы, дзе пра здымкі кіно ніхто не чуў. Васіль натрэніраваным вухам паляўнічага здаля пачуў, што нехта кіруецца праз лес. Гаворкі не было чуваць, але хаду гурту людзей ён улоўліваў. «Хто б гэта мог тут блытацца? — здзівіўся паляўнічы.— Тут і адзін чалавек рэдкасць...»

І Васіль ціхенька, як толькі можа паляўнічы, наблізіўся да загадкавых гасцей. Паволі адхінуў рукой лапнік і абмёр: немцы!

Васіль ад нечаканасці і жаху заплюшчыў вочы:

— Зноў немцы! Тут, у глухамані, немцы, а мы нічога не ведаем!

Ён зноў адхіліў лапнік і яшчэ больш напужаўся — наперадзе ледзь перастаўляў ногі добра вядомы яму дзед Пракоп.

— Палонны! — зашапталі схаладнелыя Васілёвы вусны.— Дзед Пракоп у палоне, а астатніх, відаць, забілі... Хутчэй у сваю вёску папярэдзіць людзей! — І Васіль з месца памчаў да сваіх аднавяскоўцаў. Ды так папёр, што ажно голле трашчала следам.

— Што за трэск? — занепакоіўся народны артыст.

— Дробязь! — стомлена адказаў дзед.— Лось ці мядзведзь... Іх тут у нас — процьма.

— Нічога сабе дробязь — мядзведзь! — азвалася кіназорка.— А на людзей ён не кідаецца?

— Бачылі ж: ад людзей папёр,— зноў спакойна адказаў дзед і дадаў: — Вы варон не страляйце ды на мядзведзяў не заглядайцеся, запамінайце сцежку, бо назад самі выходзіць будзеце...

Пакуль дзед Пракоп са сваімі «немцамі» клыпаў па лесе, Васіль Дыбун, як звар’яцелы, заскочыў у вёску з жудасным крыкам:

— Немцы! Ратуйцеся! Немцы!

Ён ад шалёнага бегу і страшэннага хвалявання захлынаўся паветрам і толькі выкрыкваў:

— Немцы! Ратуйцеся!

Нарэшце яго акружылі аднавяскоўцы і страсянулі за грудзі:

— Ды супакойся ты! Якія немцы? Адкуль тут немцы?

І Васіль, адсягаўшыся, расказаў пра тое, што бачылі яго вочы.

Бабы загаласілі:

— Хапайце дзяцей! Вяжыце клункі — і ў лес! Ратавацца трэба! Ой, гора!

Некаторыя памкнуліся да сваіх хат, але дзед Кузьма зычна мацюкнуўся.

— Стаяць, ядрона маць! Я за жыццё тры вайны адолеў і чацвёртай дам рады! Васіль,— папытаўся ён у Дыбуна,— колькі там гітлерцаў?

Хтосьці з натоўпу ўдакладніў:

— Гітлера ўжо няма, яму даўно — капут!

— Маўчаць, ядрона маць! — зноў секануў Кузьма.— Дык колькі гітлерцаў, Васіль?

Васіль шмаргануў носам:

— Шмат іх...

— Ну, а тэхніка якая? — дапытваўся дзед.— Танкі там нейкія ці самалёты?

Васіль зноў шмаргануў носам:

— Не ведаю... Быццам самалётаў не было відаць...

— Ды паб’юць яны нас усіх, як пабілі ўсіх ланьцаў! — зноў загаласілі бабы.— Трэба цікаць у лясы!

Дзед Кузьма выхапіў з рук Дыбуна стрэльбу:

— Па законах ваеннага часу панікёраў будзем адстрэльваць! Лепей не скавытаць, ядрона маць!

— Ну, ну... адразу сваіх адстрэльваць,— буркнуў Дыбун і забраў у дзеда стрэльбу.

— Гэта я так... дзеля парадку,— мякчэй і без мацюкоў патлумачыў стары, але зноў павысіў голас:

— Пакуль мы тут балабонім, гітлерцы заб’юць і апошняга жыхара Лані. Трэба ратаваць дзеда Пракопа! Якія будуць меркаванні?

— Меркаванні такія,— выказаўся хтосьці з мужчын,— а дзе зброя? Голымі рукамі танкі не возьмеш, тым больш самалёты...

— Ды не чуў я танкаў! — рашуча заявіў Дыбун.— Гарматы, здаецца, бачыў.

Дзед Кузьма закамандаваў:

— Усе па хатах! Праз хвіліну каб пастроіліся тут — кожны з чым можа! Бабам дазваляецца браць нават качэргі! Разыдзіся!

Тым часам дзед Пракоп мужна рухаўся з акцёрамі. Ісці заставалася ўжо зусім мала, але і сілы пакідалі старога.

Кіназорка — яна ж нямецкі генерал — на хаду напамінала калегам:

— На адваротным шляху, ля самай вёскі Лань, як толькі трапім на партызанскую засаду, пачынайце ўжываць завучаныя нямецкія словы і, крыху пастраляўшы халастымі патронамі, кідайце зброю і паднімайце ўгару рукі — здавайцеся партызанам у палон. Рабіце гэта пераканаўча, каб камера зафіксавала ўсе галоўныя моманты бою.

Толькі паспеў закончыць свой маналог народны артыст, як з усіх бакоў пачулася:

— Ура-а-а!

Артысты аслупянелі — да іх імчалі з усіх бакоў нейкія людзі. Хто з паляўнічай стрэльбай, хто з віламі, а хто і з качаргой...

— Смерць гітлерцам! — крычаў асіплым голасам дзед Кузьма.

— Трымайся, Пракопе, мы цябе вызвалім! — чуўся жаночы крык.

Народны артыст збянтэжана крыкнуў сваім:

— Рэжысёр пераблытаў месца партызанскай засады! Дзейнічаем па сцэнарыі! — І акцёры пачалі выкрыкваць нямецкія словы і страляць халастымі патронамі.

Дзед Кузьма паспеў скамандаваць:

— Лажыся! Акружай гітлерцаў! У палон жывымі не здавацца! — потым тоненька завішчаў: — Ой, мяне, мусіць, ранілі — штосьці ў штанах замакрэлася!..

Бой разгараўся, але дзед Пракоп пазнаў «апалчэнцаў» з суседняй вёскі і зразумеў, што адбываецца нейкая недарэчнасць. Ён як стаяў, так і застаўся стаяць сярод палеглых «двух франтоў», і толькі крычаў вяскоўцам:

— Стойце, браткі! Толькі не страляйце! Тут свае! Свае тут! Кузя, чуеш?

— Во гадзіна! — захрыпеў хтосьці з апалчэнцаў.— Фашысты для яго ўжо сваімі сталі! Прадаўся, гад!

А група акцёраў, як і было напісана ў сцэнарыі, пасля страляніны халастымі патронамі кінула зброю і, падняўшы рукі, здалася ў палон. Ім хуценька скруцілі рукі і запхнулі нейкія анучы ў рот.

Дзед Кузьма трыумфаваў:

— Гэта ж трэба! Нямецкага генерала ўзяў у палон з яго войскам! — Ён памахаў сякерай ля генералавага носа.— Ну што, Гітлераў прыхвасцень! Беларускіх дранікаў захацелася! А во! — І тыцнуў фігу ў нос палоннаму.

Бедны народны артыст штосьці мыкаў, круціў вачыма, спрабаваў выслабаніць звязаныя рукі, але дзед Кузьма быў няўмольны:

— Мычы! Мычы! І твайму Гітлеру тое самае будзе!

Адзін з апалчэнцаў зноў нагадаў свайму камандзіру:

— Ды сплюнь ты з языка Гітлера! Яго даўно няма!

— А хоць бы і быў! — не здаваўся дзед.— Ні Гітлеру, ніякаму другому чорту не дазволім хэндыхохаць ля свайго парога!

Дзед Пракоп падскочыў да Кузьмы:

— Кузя, браток, гэта ж добрыя, нашыя людзі! Раскруціце ім рукі! Апамятайцеся, суседзі!

— Запхніце рот і гэтаму здрадніку! — скамандаваў дзед Кузьма.— Судзіць яго будзем потым ваенным трыбуналам па законах ваеннага часу!

Пасля павярнуўся да сваіх:

— Раненыя, забітыя ёсць сярод нас? Не? Гэта ўсё — мой вопыт мінулых трох войнаў!..

А рэжысёр і астатняя здымачная група не знаходзілі сабе месца — куды знік народны артыст са сваімі калегамі на чале з дзедам Пракопам? Няўжо заблудзіліся? А можа, мядзведзь задзёр? Чакалі дзень, а на другі жыхары Лані з кіношнікамі кінуліся па ўсіх навакольных вёсках: можа, хтосьці штосьці чуў ці ведае пра лёс зніклых акцёраў.

І вось у адной вёсцы паведамілі:

— Пра артыстаў і вухам не чулі, а вось нямецкі атрад у лесе вылавілі і ўзялі ў палон. Сядзяць гітлерцы з завязанымі ратамі ў склепе дзеда Кузьмы, які вырашае: ці пусціць іх у расход, ці загнаць на прымусовую працу ў калгас... А магчыма, дзед Кузьма па законах ваеннага часу іх ужо парашыў...

Рэжысёр плакаў ад шчасця, калі адшукаў сваіх артыстаў жывымі, але яшчэ больш радаваўся новаму сцэнарыю, які падказала само жыццё.

Вызвалілі са склепа і дзеда Пракопа, які справядліва куснуў Кузьму:

— Хоць і выглядаў ты сапраўдным героем, але падкузьміў ты сябе, браток Кузя, на ўсё астатняе жыццё.

Дзед Кузьма апраўдваўся:

— Я ж дзейнічаў па законах ваеннага часу!



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 3. Апавяданні. Аповесці / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 551 с.