epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чагосьці не хапае нам

Як важна зразумець незразумелае,

Паўстаўшае сцяною між людзей.

І з сэрца свету схлыне набалелае,

І будзе свет хварэць усё радзей.

 

Наперад крок — адказ на невядомае,

І мысленне глыбей ад веку ў век,

Бо ісціна жыцця — жыццё свядомае,

А чалавецтва — кожны чалавек.

 

Трагедый землятрусы да ускраінаў

Перыядычна коцяць па зямлі.

Стагоддзямі чагосці не хапае нам —

Паразумення так і не знайшлі.

 

Вайна, знішчэнне — і жыццё няўтульнае,

А шар зямны — дарунак, не мішэнь.

Агульны дом Зямля, і усё агульнае —

І смутак ночы, і жыцця агмень.


2000-2007

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.