epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чалавек, які глядзеў на зоркі

Якім Каваль з маленства цягнуў свой воз. Пасляваенная галеча і галаднеча змяніліся пазней на перабіванне з хлеба на ваду. Якім прыкладаў усе намаганні, з апошніх сіл кідаўся ва ўсе бакі, шукаў палёгку, але, як кажуць, толькі часова паслабляў пятлю на шыі. Сіл заставалася ўсё меней, здароўе з узростам пахіснулася, а «дабрабыт» якім быў, такім і заставаўся.

Якім горка жартаваў:

- Вось я, Каваль, кую свой лёс... І што? Нястачы повен воз...

Але, кажуць, калі Бог затрымае сваё вока на некім - лёс таго чалавека робіцца шчаслівым. Мусіць, Бог усё ж заўважыў Якіма Каваля і непрыкметна для гэтага ўжо немаладога чалавека запаліў у ягонай душы сваю боскую іскру. Хутчэй за ўсё так і адбылося, бо раптоўна Якім, які даўно апусціў галаву і глядзеў толькі сабе над ногі, - распраміў плечы і заўважыў сонца і ўбачыў на начным небе зоркі. Дзіва - але рука пацягнулася да паперы, і на ёй пачалі нараджацца прадыктаваныя душой творы. Літаратурныя творы! Паэтычныя творы! Хлеба па-ранейшаму не хапала, адзенне было старым і нэндзлым, затое душа адчула крылы, і гэта зрабілася галоўным у жыцці. Дзень быў непадобны на мінулы дзень, кожная ноч адрознівалася ад той, што прайшла, новым, нечаканым творчым здабыткам. Вакол была тая ж жыццёвая шэрасць, а Якім Каваль быццам знаходзіўся на цудоўным, казачным востраве. І такі востраў, сапраўды, існаваў - востраў творчасці, востраў душэўнай узнёсласці Якіма Каваля!

Будучы чалавекам даволі сталым, чалавекам, які з'еў пуды горкай солі, Якім здагадаўся, што без боскай дапамогі тут не абышлося. Ці ж гэта магчыма: усё жыццё без хлеба, а пад старасць - у неба! І Якім шчыра і рэгулярна пачаў наведваць царкву - хрысціцца і выказваць падзяку Богу.

Пісалася яму лёгка, «пладавіта» - кнігі выходзілі з друку адна за другой. Задуманага і ненадрукаванага было яшчэ болей.

І яшчэ больш на аднаго шчаслівага чалавека стала на зямлі!

Аднойчы Якімавы думкі прымусілі руку напісаць твор, які спалохаў самога аўтара. Не тое каб надта спалохаў, але ў душу закраліся трывога, сумненні - навошта ж я так?!.

Якім і сам не мог адказаць, як атрымалася так, што напісаўся богаадступніцкі твор. Праўда, пасля наведванняў царквы ў Якіма і сапраўды закралася падазронасць, што служыцелі храмаў боскіх самі не надта вераць у тое, што прапаведуюць. Якім злаваўся на сябе: «Якая мая справа? Няхай сабе не вераць! Навошта ж я плюнуў у студню, якая мяне поіць?..»

Настрой псаваўся. Жыццёвая шэрасць бліжэй падступіла да казачнага вострава Якімавай творчасці. Відаць, сам спакуслівы д'ябал вадзіў Якімавай рукой, шаптаў яму ў вуха багахульшчыну...

Але справа зроблена. Твор надрукаваны. Узнёсласць пакідала Якіма Каваля.

 

* * *

 

Лета, як кажуць, прайшло толькі паўдарогі. Краскі разбегліся па лугах і палях. Птушаняты вылецелі з гнёздаў, і ў птушак паявілася больш вольнага часу для спеваў.

У свой вольны час Якім Каваль імчаў у родную вёску, каб душой зліцца з прыродай, з краскамі ў полі, з птушыным шчабятаннем.

Калі надышла субота, Якім сабраўся, сеў на аўтобус і пакаціў у вёску. Жонку на гэты раз чамусьці не ўзяў, хоць тая таксама любіла вёску і сёння прасілася разам з мужам у дарогу. Нешта прымусіла катэгарычна адказаць жонцы: «Я хачу пабыць адзін!»

Жонка з неахвотай пагадзілася - магчыма, будзе замінаць яму ў творчай працы - і засталася дома ў Менску.

Прыехаўшы ў вёску, Якім заварыў каву і з асалодай піў яе маленькімі глыткамі на верандзе. Думаў, як здавалася, аб усім і ні аб чым. Ды і глядзеў у нікуды - у адну кропку, а бачыў усё мінулае жыццё, такое складанае, цікавае і супярэчлівае. Гэткая ж супярэчлівасць запоўніла душу: спакой і трывога, задавальненне і расчараванне, узнёсласць і сум.

Выпіўшы каву і нагледзеўшыся «ў нікуды», Якім чамусьці ўзяў «ТОЙ» твор і ўважліва перачытаў. Перачытаў і падбадзёрыў сябе: «Ды я маю права пісаць усё, што захачу! І кропка!..»

Але гэтая думка бадзёрасці не дадала, і супярэчлівасць па-ранейшаму панавала ў душы.

Ноч надышла цёплая, зорная. Спаць не хацелася, і Якім стаяў на двары ля хаты. Стаяў і глядзеў на неба. Справа гэта - глядзець на зоркі - зрабілася прывычнай, і Якім рэдка ўспамінаў той час, калі глядзеў толькі пад ногі і амаль не задумваўся над тым, што глядзець на зоркі - гэта вялікае шчасце, падараванае Богам.

«Чаму я жонку не ўзяў? - падумалася міжволі. - Такая цудоўная ноч! Усё роўна нічога не пішу...»

Здавалася, што зоркі падміргваюць, што яны кратаюцца, як жывыя, што гэты казачны карагод зараз адарве ад зямлі, уздыме ў бяздоннае неба і закруціць у бясконцым зорным танцы.

Якім глядзеў не міргаючы, быццам баяўся, што бачыць гэта ў апошні раз.

Раптоўна ў глыбіні чорнага неба з'явілася новая зорка, якая гарэла ўсё ярчэй і ярчэй, набліжаючыся да зямлі.

- Яна набліжаецца! - усклікнуў Якім. - Які цуд!

Зорка набліжалася з неверагоднай хуткасцю, ператваралася ў агністы шар, рабілася ярчэй за сонца. Якіму было нясцерпна балюча глядзець на яе, але адарваць вочы ад гэтага начнога сонца не было сіл. Свячэнне зрабілася такім моцным, што Якімавы вочы аслеплі. Агонь на імгненне балюча дыхнуў, ператвараючы ўсё на сваім шляху ў попел, пачуўся страшэнны выбух, і Якіма Каваля не стала.

 

* * *

 

Месца падзення метэарыта ачапілі шчыльна і хутка. Хата, у якой жылі колісь Якімавы продкі, у якой прайшло Якімава маленства і маладосць і ля якой Якім стаяў, углядаючыся апошні раз у жыцці ў зорнае неба, - знікла, нібы яе і не было. Знікла імгненна разам з гаспадаром. На яе месцы зеўрала вялізная варонка з аплаўленымі краямі. У паветры вісеў пах гарэлага жалеза і драўляных галавешак, раскіданых вакол падзення метэарыта.

Да гэтага месца нікога блізка не пускалі, нават Якімаву жонку, якая стаяла непадалёк ад жахлівага месца, галасіла і рвала на сабе валасы.

Зацікаўленыя афіцыйныя асобы - вучоныя, спецыялісты, прадстаўнікі адміністрацыі Прэзідэнта, карэспандэнты ўсіх сродкаў масавай інфармацыі, шчыльна абклалі дзівосны кратэр і не столькі займаліся даследаваннем, колькі заміналі адзін другому. Вучоныя здзіўляліся, што пасля сутыкнення метэарыта з зямлёй і выбуху ані кавалачка нябеснага цела не знайшлі.

Хтосьці з журналістаў спытаўся ў вучоных з Акадэміі навук, ці праўда, што тут стаяла хата і загінуў чалавек?

- Чалавек?! Якая дробязь у параўнанні з цэлай крыніцай для навукі! - адказалі вучоныя.

- Які добры і цікавы быў чалавек! - выціралі ўзмакрэлыя вочы аднавяскоўцы Якіма.

- Светлая была душа! - цяжка ўздыхалі людзі з навакольных вёсак.

«Не будзе болей сваімі творамі пароць у наша самалюбства!» - з палёгкай думалі пісьменнікі.

- Кто погиб? Это тот Коваль, который бросал камни в мой огород? - спытаў Прэзідэнт Беларусі. І з задавальненнем дадаў: - Одним дермократом будет меньше!

- Пры падзенні метэарыта не абышлося без ахвяр, але, на шчасце, загінуў толькі адзін чалавек, - паведамлялі газеты, радыё і тэлебачанне.

За сенсацыйнай шуміхай ніхто не звярнуў увагі на такую дробязь, як гібель аднаго чалавека.

І самае галоўнае - ніхто не сказаў і не напісаў, што загінуў чалавек, які глядзеў на зоркі.

 

* * *

 

Па палявой дарозе, абапал якой раслі рознакаляровыя краскі, ішоў стары дзед з унукам. Хлапчук амаль не звяртаў увагі на краскі - яго больш цікавілі незвычайныя каменьчыкі.

- Дзядуля! Глядзі, які перламутравы, з чорным бачком! - захапляўся ўнучак.

- Гэта крэмень! - тлумачыў дзед.

- А чаму іх так многа на нашай зямлі? - не супакойваўся хлопчык.

- Даўно, калі яшчэ мой дзед быў такім хлапчуком, як ты, - пачаў распавядаць стары, - на нашу вёску зваліўся з неба метэарыт. Выбух, кажуць, быў страшэнны, і метэарыт дробнымі кавалачкамі разляцеўся па ўсёй лагойскай зямлі. Магчыма, што кавалачкі крэменю і ёсць часцінкі таго нябеснага госця, бо крэмень знойдзеш не ўсюды, а толькі ў нас, - закончыў дзед.

- Ой, як цікава! - усклікнуў хлопчык і падняў новы каменьчык з вострымі акрайчыкамі...

Час сцірае многія падзеі і імёны, таму сёння пра Якіма Каваля ні дзед, ні ўнук не чулі і вухам. І толькі колішні боскі падарунак - боская іскра, запаленая ў душы Якіма Каваля, працягвае ззяць у ягоных творах.


1990-2001?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая
Падрыхтавана: Алесь Хмара