epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чалавек

Чалавек — гэта свет —

унікальны, жывы, непаўторны,

Свет пачуццяў і мараў,

імкненняў няспынных, як час.

Чалавек — гэта свет —

каляровы, ці белы, ці чорны...

Каляровы ці чорны...

Ці ж гэта залежыць ад нас?

 

Бог стварыў Чалавека —

свабодным, з душой незалежнай,

А няволя знішчае

пачуцці, узнёсласць — штодня.

І абламвае крылы,

і душы трапляюць у межы —

У гвалтоўнасці межы,

дзе правяць прымусы, хлусня.

 

Чалавек — індывідуум,

загадка,

тварэнне,

асоба!

Кожны шлях свой шукае,

нібыта вясной ручаі...

Зэк на зэка падобны —

адно ім: і пайка, і роба,

Цяжка іх распазнаць

у натоўпе, у шчыльным страі.

 

Чалавек!

Ах якое прыгожае,

светлае слова!

І выходзіць насустрач,

надзеяй напоўнены век.

Але сэрца сціскаюць

гвалтоўнасці межы сурова —

І ў натоўпе знікае,

губляецца ў ім Чалавек.

 

*

Чалавек...

З нас, шматлікіх,

складаецца наша дзяржава.

Хоць шматлікія мы,

але людзі усё ж — не смяццё.

Мала нашых правоў,

ды губляем галоўнае права —

Права кожнага з нас

на выснову высноў — на жыццё.

 

Мала веры цяпер,

але жыць немагчыма без веры,

Бо ў жыцці без яе

апускаемся хутка на дно.

Права ёсць на жыццё...

Толькі дзе яно? Дзе? На паперы?..

У жыцці ж аказалася

самым бяспраўным яно.

 

Мы пакорна прымаем,

мы моўчкі глынаем гасцінцы,

Што падносіць штодзённа

шалёны, уздыблены час.

Мы прывыклі, што некага

рэжуць, страляюць злачынцы,

Мы — ні слова, ні гуку,

забілі ж суседа — не нас.

 

Немагчыма ўявіць —

Чалавек да крыві прывыкае,

Гэты вірус нябачны

з’ядае душы дабрыню.

І тады Чалавек —

з чалавека паціху знікае,

І тады можна ўсё —

нават можна на вілы радню.

 

*

Чалавек — гэта свет,

у якім расцвітае духоўнасць,—

Хай не спіць летуценнік,

лунае паэт і мастак!

Чалавек на Зямлі —

найгалоўнейшая найкаштоўнасць!

Гэта — так... але гэта —

на справе далёка не так.

 

Растапталі тваю, Чалавек, чалавечую годнасць,

Растапталі не раз —

і свабоду тваю, і правы.

І прыціх ты разуты,

раздзеты, халодны, галодны,

І сагнуўся, зламаўся,

шаптаў: — Дзякуй Богу! Жывы!

 

І пайшло, і паехала,

і пакацілася ліха,

І натоўп чалавечы

глынуў Чалавека, панёс,

І знішчаліся людзі —

то з гвалтам шалёным, то ціха...

Чалавек — гэта свет,

што згарчэў ад крыві і ад слёз.

 

Чалавек — гэта свет —

унікальны, жывы, непаўторны,

Свет пачуццяў і мараў,

узнёсласці вечнай, як час.

Чалавек — гэта свет...

вакол нас — чорна белы і чорны,

І крывава-чырвоны,

пужліва-маўклівы — у нас.

 

Шлях гісторыі нашай —

балючы, жахлівы, крывавы.

З кожным годам спыняўся

хлуснёю заблытаны рух...

He, не маці Тэрэза

узорам была для дзяржавы,

А п’яніў прыуладных

Малюты Скуратава дух.

 

І знікалі ахвяры,

а каты — звярэлі ад крыку,

Паціраючы рукі,

з якіх не змывалася кроў...

Мы і самі не ведаем,

сёння збіваемся з ліку —

Колькі ўласнай дзяржавай

забіта дачок і сыноў.

 

*

Пры жыцці, над жывым —

дамавіны закрылася века,

Быццам травень квітнеючы

саван жахлівы надзеў.

He жылец Чалавек,

бо не «нюхаў» правоў чалавека,

Жыў чужымі мазгамі,

чужымі вачамі глядзеў.

 

Бог жыццё падарыў,

а бязбожнік жыццё адбірае,

Нежывы Чалавек —

для яго спакайней, чым жывы...

Беларускі хлапец,

а ў Афганскіх гарах памірае —

Права меў на жыццё...

але ўсе на паперы правы.

 

Права ёсць на жыццё...

толькі мала з паперы карысці.

Зноў ад нашай бяды

здрыгануўся, жахнуўся Сусвет —

Праз гады немаўлятку

Чарнобыль знайшоў у калысцы —

І патухла жыццё —

непаўторны, загадкавы свет...

 

Што чакае цябе,

дзіцянё,

немаўлятка,

нашчадак?..

 

Вунь — заложнікі гінуць,

гуляе тэрор па зямлі,

Там — наводзіцца

«канстытуцыйны» парадак —

Пэўна гены Скуратавы

смерць у Чэчню прывялі.

 

Тут — змяшаліся лёсы:

ахвяра, забойца, забіты,

Тут — змяшаліся слёзы матуль

і сіроцкая кроў,

Тут — знішчалі адзін аднаго,

«патрыёты»,— «бандыты»,

Тут — цкавалі братоў на братоў

і сыноў на сыноў.

 

*

Што вы, думкі мае,

паляцелі далёка за межы?

Апусціцеся з неба

на нашу святую зямлю.

Вось — мая Беларусь,

да каторай я цалкам належу,

І з каторай святкую,

з каторай пакуты дзялю.

 

Тут над нашай зямлёй

небасхіл ад тугі невысокі.

Затаіўся нябачна

«чарнобыль» на нашай зямлі.

Тут гісторыі нашай,

духоўнасці нашай вытокі

Не ў кожнае сэрца

пакуль што патрапіць змаглі.

 

А без гэтага нацыя

будзе духоўна кульгавай,

І не хутка між нацый

дарогу азначыць сваю.

Толькі ўзнёсласць дзяржавы

кожны лёс аб’яднае з дзяржавай.

Толькі родная мова

згуртуе ўсе лёсы ў сям’ю.

 

Можна моўчкі пражыць —

і пайсці, не пакінуўшы следу,

Можна вочы закрыць

і — у цемры дамучацца век,

Можна думкай прыкрыцца:

забілі ж пакуль што суседа,

Можна нават забыцца,

што ты, Чалавек,— чалавек...

 

Так лягчэй існаваць,

ды не дасць існаваць небяспека,

Бо сляпое маўчанне

на шыю вяроўку саўе.

Дзе людзей абабралі —

забралі правы чалавека,

Там Малюты Скуратава

жудасны цень паўстае.

 

Прад табой, Чалавек,—

патаемнасці лёсу, дарога.

Крок патрэбен адным

для пазнання высноў — адкрыцця.

Прад табой, Чалавек,—

і святога, і бруднага многа.

Каб адкрыліся вочы —

другім не хапае жыцця.

 

*

Прыгажосць і пачварнасць,

душэўнасць, спагада, звярынасць,

Незвычайная жорсткасць,

пяшчота і зноў прыгажосць,

Дабрыня і чароўнасць,

прадажнасць, няшчырасць, агіднасць

Гэта ўсё — Чалавек.

Чалавек ў штодзённі — як есць.

 

Чалавек... Чалавек...

Ты стаміўся ад гэтае ношы,

Зачарсцвелы твой розум

з душы выцясняе святло.

Чалавек... Чалавек...

Ты прыдумаў уладу і грошы —

А ці ёсць на Зямлі

для духоўнасці горшае зло?!

 

Мір табе, Чалавек!

Будзь заўжды міласэрным і шчырым!

Закілзай сваю злосць,

кожны дзень пачынай з дабрыні.

І навокал усё

адгукнецца любоўю і мірам,

І пачнуць свой адлік

па-сапраўднаму добрыя дні.

1996


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 2. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 751 с.