epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чаму? Чаму?

Хачу звярнуцца ўслых

Да праведнага Бога —

Навошта крыўдзіш тых,

Не крыўдзіць хто нікога?

 

Чаму караеш ты

Сумленных, міласэрдных?

Й не цэліш гнеў святы

Ў злачынцаў ненажэрных?

 

Ты глянь, хто у царкве

Шукае суд Эзопаў.

Той, хто ледзь-ледзь жыве

Пад ціскам недахопаў.

 

Хто воз ледзь цягне свой

Праз год цяжкіх прыгоны.

Той, хто, апроч тваёй,

Не мае абароны.

 

Зірні ў царкву, зірні,

Ёсць ад чаго здзіўляцца —

Няма тут ў нашы дні

Ўладальнікаў палацаў.

 

Няма тут (не шукай)

Ад сквапнасці залежных,

Чыё жыццё праз край

У сытасці бязмежнай.

 

Карыта іх — яно

Вышэй ўсяго святога.

Вядома ўжо даўно —

Гром грымне — дык да Бога.

 

Не бачна у Царкве

Й памазаных уладай.

А вера ўсё ж жыве

Без заняпаду.

 

І моладзь — дзе-нідзе,

Павінна ж быць іначай.

Зноў у Царкву ідзе

Боль, старасць і нястача.

 

Хвала імю твайму,

Ты, Божа, мудры самы!

І ўсё ж чаму, чаму

Амаль пустуюць Храмы?



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.