epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чаму «было»?

Заўсёды ўспамінамі рады

Вяртацца да роднай зямлі,

Дзе белых аблокаў грамады,

Як айсбергі ў небе плылі.

 

Дзе, хлебам цяжарная глеба,

Народзіць для ўсіх каравай.

А ў нізе, напіўшыся неба,

Валошкі ліюцца праз край.

 

Дзе светла было, як у Храме...

Чаму ўсё «было» ды «было»?

І сёння сябруе з палямі,

З лясамі, з лугамі святло.

 

І сёння пік неба высокі,

Намольвае свой благавест.

І сёння высокім аблокам

Зайздросціў бы сам Эверэст.

 

Не страціла ўсё-ткі прырода

Ласкавасць — адорваць сабой.

Тут сэрцу бліжэй год ад года

І «сёння», й былога прыбой.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 13. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 480 с.