epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чарга

замалёўка з мінулага

 

— Хто апошні?

— Я.

— А што даюць?

— Я сама стаю ўсяго хвіліну.

— Запытайце сперадзі мужчыну.

— Я пытала, ён не хоча чуць.

 

— Гэй, мужык! — звярнуўся я рашуча,—

Што даюць? Адпалыкні язык.

— Бачыш вунь людзей якая куча,

Значыць, дэфіцыт.— Сказаў мужык.

 

Раіць тая, што перада мною:

— Што там, вы б разведалі... Смялей!

А людзей стаіць — сцяна сцяною,

Больш, чым у вядомы Маўзалей.

 

Я сабраўся з духам — і наперад,

З боем прадзіраўся — не дыхнуць.

Ўсё на свае вочы там праверу —

Лепш убачыць раз, чым сто пачуць.

 

То грудзьмі уперад я, то бокам,

У рабоце — рукі, ногі, лоб.

Я штурхаю, лезу крок за крокам

Праз вялікай шчыльнасці натоўп.

 

І мяне ў адказ штурхаюць людзі,

То адзін піхнецца, то другі.

Раптам нехта хваць мяне за грудзі:

— Ты куды нахабна без чаргі?

 

Тут чарга напружана узвыла:

— Бач, знайшоўся разумней за ўсіх!

Даць яму па шыі! Лепш у рыла!

Па пячонцы садані! Пад дых!

 

Я стаю пад лаянкай, пад потам,

Быццам не ў жыцці, а ў страшным сне.

— Я ж хацеў убачыць толькі, што там!

Варта мне ў хвасце стаяць ці не.

 

— Вось і прэч у хвост свой, потрах суччы!

Тут чаргі не хвост, а галава.

Выпхнулі з чаргі мяне рашуча,

Ў крыўдзе, ў сіняках, без рукава.

 

Я пайшоў — і як цяпер праверу,

Што там прадаваў гандлёвы збыт.

Кажуць, туалетную паперу,

Сацыялістычны дэфіцыт.



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 12. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Зміцер Колас, 2020. - 416 с.