epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чароўная кніжка

Сцёпка сядзеў на лаўцы ў гарадскім парку і чакаў сяброў, каб вырашыць з імі, як больш цікава бавіць вальны час.

Былі летнія канікулы і гэтага часу, здавалася, хоць адбаўляй. Але так толькі здавалася. Час — хуткаплынны, і лета ў гэтай бязмежнасці часу, як кропелька ў акіяне. Тым боль, што Сцёпка меў запазычанасць перад школай — не знайшоў узаемапаразумення з «гісторыяй». Вось восенню вымушаны будзе пераздаваць яе. «Але ж гэта ажно восенню,— цешыў сябе думкай хлопчык.— Калі яна яшчэ будзе!»

Раптам побач са Сцёпкам на лаўку села старэнькая бабуля і пільна паглядзела на свайго суседа па лаўцы.

Ён, як мага непрыкметней, асцярожна адсунуўся далей ад гэтай старой.

— Адпачываеш? — спыталася яна.

Сцёпку падалося, што ён у кабінеце ўрача перад рэнтгенапаратам.

— Ага... — няўпэўнена адказаў адпачывальшчык.

— Канікулы? — зноў коратка спыталася бабуля.

— Ага... — гэтак жа коратка адказаў ён.

— А поспехі якія ў вучобе? Пэўна, выдатнік? — працягваў дапытвацца гэты «рэнтгенапарат».

Сцёпка замест адказу хацеў устаць і пайсці прэч, але не мог крануцца — штосьці ўтрымлівала яго, быццам ён быў шрубчыкам, а лаўка магнітам.

— Дык выдатнік ці не? — перапыталася старая.

— Выдатнік,— схлусіў Сцёпка.

— Альбо серадняк? — дапытвалася яна.

— Серадняк... — адказаў Сцёпкаў язык без дазволу гаспадара.

— Ці ўсё ж ты ў адстаючых? — з усмешкай удакладніла ўедлівая старая.

Гэта ўсмешка раззлавала хлопчыка:

— Ну, у адстаючых! Я, калі хочаце, у хвасце! А вам што?.. Вы хто, настаўніца на пенсіі ці былы міліцыянер?

— Я — добрая фея!

— Ха! Яшчэ што скажыце! — цяпер ужо ўсміхнуўся Сцёпка.— Ці ж такія феі бываюць? Вы ж зусім старэнькая!

— А я — састарэлая фея,— удакладніла бабуля.— Усё і ўсе ў гэтым свеце старэюць. І ты, галубок, састарэеш.

— А як вы дакажаце, што вы сапраўдная фея? — недаверліва спытаўся Сцёпка.

— А вельмі проста! Ты дрэнна ведаеш «гісторыю», цябе чакае восенню пераэкзаменоўка... І цябе завуць Сцёпка. Так?

— Гэта яшчэ не доказы! — рашуча не паверыў хлопчык.— Я адразу здагадаўся: вы — настаўніца на пенсіі і бываеце ў нашай школе, вось і ведаеце пра мяне штосьці...

Старая моўчкі загадкава ўсміхнулася.

Раптам Сцёпка падсунуўся бліжэй да сваёй, як ён лічыў, «даставалы»:

— А калі вы сапраўдная фея, зрабіце так, каб я быў самы разумны ў класе! Што, слабо?

— Зраблю! — упэўнена адказала старая.— Дапамагу табе, але і ты дапамагай мне ў гэтым чараўніцтве.

— Як? Я на ўсё згодзен! — ускочыў з месца хлопчык.

Старая падумала і таямніча абвясціла:

— Ёсць чароўная кніжка... Праўда, знайсці яе будзе цяжка, але, пры настойлівасці, ты знойдзеш...

— Дзе яе шукаць? Дзе? — запаліўся Сцёпка.— Я гатовы ісці хоць за трыдзевяць зямель!

— Навошта так далёка? Я гэту кніжку бачыла на мінулым тыдні ў гарадской бібліятэцы... Нават гартала яе старонкі, а вось на якую паліцу і ў якой зале паклала — не памятаю.

— А што, і феі ходзяць у бібліятэку? Навошта? — здзівіўся хлопчык.

— Ходзяць! Яшчэ як ходзяць! Чараўніцтва — гэта таксама навука, а навуковыя веданні патрабуюць пастаяннага падмацоўвання.

— Я яе, тую кніжку знайду! — запэўніў бабулю Сцёпка.— Скажыце толькі, як яна называецца?

— А вось назвы яе я і не ведаю,— развяла рукамі старая.— Я на вокладку не звяртаю ўвагі, а наталяю душу зместам. Ты, Сцёпачка, таксама не звяртай увагі на кніжныя вокладкі, а раскрывай кніжку і чытай.

— А як я даведаюся, што напаткаў менавіта чароўную кніжку?

— Табе, падчас твайго чытання, падкажа сэрца,— патлумачыла старая.— бяры з паліцы па парадку кніжкі, раскрывай іх і чытай старонку-дзве. Маўчыць сэрца — бяры новую кніжку і чытай. Зноў маўчыць — зноў чытай чарговую кніжку. Лета наперадзе, часу шмат — да восені абавязкова трапіш на чароўную кніжку і станеш самым разумным вучнем у сваім класе, а, магчыма, і ва ўсёй школе. А цяпер — бывай, саколік! — і старая паціху паклыпала па паркавай дарожцы.

Сцёпка сядзеў разгублены і засяроджаны адначасова... Верыць ці не чутаму? Няўжо корпацца ўсё лета ў бібліятэцы? Там жа тысячы кніг! Не!.. Але ж вельмі хочацца здзівіць усіх сваімі ведамі і розумам.

Сцёпкавы развагі перарвалі яго сябры-аднакласнікі:

— Ты ўжо тут! Гайда на карусель! А потым у футбол паганяем!

Сцёпка, нечакана для сябе, адмовіўся:

— Не, пацаны, гуляйце без мяне... Мне трэба ў бібліятэку...

— У цябе што, з мазгамі не лады? — здзівіліся сябры.— Пачакае твая «гісторыя» да восені. Гайда, Сцяпан!

— Не! — рашуча ўстаў Сцяпан, і гэтак жа рашуча падаўся ў бібліятэку.

Ён нават заплюшчваў вочы, калі браў з паліцы кніжку, каб не бачыць яе назву, разгортваў старонкі і пачынаў чытаць. Траплялася рознае — і цікавае, і не зусім, і пазнавальнае, і прыгодніцкае, але кожнае, па-свойму карыснае.

Толькі вось сэрца пакуль нічога не падказвала.

Ён кожны дзень наведваў бібліятэку і ўжо пачаў прыходзіць сюды без уласнага прымусу, а зацікаўлена. Перад ім раскрываўся невядомы дагэтуль таямнічы свет ведаў і адкрыцця чагосьці новага. Хлопчык, часам, забываўся на тое, што шукае нейкую асобную кніжку — усе яны былі яго сябрамі, яго суразмоўцамі.

Але аднойчы, разгарнуўшы чарговую кніжку, Сцёпка не мог адарвацца ад напісанага і, што галоўнае, адчуў светлае ўсхваляванне сэрца.

— Гэта яна! Яна — чароўная кніжка! — усклікнуў ён, звяртаючы на сябе ўвагу ўсіх, хто быў у бібліятэцы.— Сэрца мне падказала!

Упершыню за апошні час, Сцёпка зірнуў на вокладку і прачытаў назву кніжкі:

«ГІСТОРЫЯ РОДНАГА КРАЮ».

Восенню, пры пераэкзаменоўцы, Сцёпка атрымаў адзнаку «выдатна», а пасля пачатку новага навучальнага года, класны кіраўнік, у прысутнасці ўсіх вучняў класа з гонарам адзначыў:

— Адчуваецца, Сцяпан, што летам ты шмат папрацаваў над сабой. Сваімі ведамі і светапоглядам ты выдзяляешся з усіх сваіх аднакласнікаў. Малайчына!..

Але Сцёпку ўвесь час непакоіць думка: «Хто ж яна, тая таямнічая суразмоўніца ў парку? Фея ці вельмі разумная бабуля?»



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 5. Казкі. Прыгоды / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2017. - 495 с.