epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Чароўны сум вясковай даўніны

Чароўны сум вясковай даўніны

Агорне сэрца — раніць і залечыць...

Вялізны круглы бохан іржаны

Калісьці мама выпякала ў печы.

 

Акругласць цеста на гарачы под

Спіхала ў печ з драўлянае лапаты.

А потым... Потым слінак повен рот

І ў вёску пах духмяніў з нашай хаты.

 

Жыццё даць хлебу — не булён зварыць,

Не кожнай ён даваўся гаспадыне —

То не ўпячэцца ён, то падгарыць,

То зліпнецца ў закалец і застыне.

 

І толькі ў мамы пёкся хлеб такі —

Душы разынка у нялёгкім лёсе.

І часцяком пыталіся жанкі:

— У чым сакрэт? Раскрый таемства, Зося.

 

І адгукаўся мамін смех жывы,

Дзялілася з суседкамі «адкрыццем»:

— Замешваю я цеста, як і вы,

Ды размаўляю з ім, нібыта з дзіцем.


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.