epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Царства пяшчоты

Прыфасоню ватоўку і боты

І з ружовасцю ранку ў абдым

Накіруюся ў царства пяшчоты,

Дзе адчую сябе маладым.

 

Добрай раніцы, елкі, бярозы,

Поле, луг і ружовы абшар!

І расінкі, як Боскія слёзы,

Што з галін акрапляюць мой твар.

 

Кожны год непаўторна і нова

Бачу ўсё — нібы дзіўнае сню.

Край мой мілы, я невыпадкова

Улюбёны ў тваю чысціню.

 

Ты — майго нараджэння прадвеснік,

Ты — калыска, натхненне для крыл.

Тут мае самабытныя песні,

Тут і лёсу майго небасхіл.

 

Пазванчэла празрыстае ранне —

Хутка, хутка ружовасць міне.

Вунь і сонца ўзышло. Прывітанне!

Бачу я — ты пазнала мяне!


1990-2000

Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. У 5 т. Т. 1. Вершы. Гумарэскі / Сяргей Давідовіч. - Мінск: Беларускі рэспубліканскі літаратурны фонд, 2016. - 688 с.