epub
 
падключыць
слоўнікі

Сяргей Давідовіч

Час апошні

Светлай памяці брата Косціка

 

Што ажывала прад вачамі брата

У час апошні перад вечным сном?..

Маленства?

Голь?

Карпілаўская хата

З асінай трапяткою за акном?

 

Бацькі?

Браты?

Свая сям’я?

Каханне?

Паэзія ў юнацкія гады?

Грыбная старасць?

Рыбацтва?

Паляванне?

Ці боль ад адыходу назаўжды?

 

Ён паміраў без скаргаў,

У бязгуччы,

І чуў, напэўна, памінальны звон...

Мне на яго глядзець было балюча,

Хоць пра «балюча»

Ведаў толькі ён...



Тэкст падаецца паводле выдання: Давідовіч, С.Ф. Збор твораў. Т. 9. Вершы. Паэмы / Сяргей Давідовіч. - Мінск: А.М. Вараксін, 2018. - 420 с.